У суботу 2 снежня адбылося ўрачыстае асвячэнне памятнай дошкі на будынку былога хлебазавода. Цяпер гэты будынак называецца парафіяльным домам імя Слугі Божага Францішка Марыі ад Крыжа Ярдана, заснавальніка Сальватарыянаў.
 
Ужо напрацягу некалькіх гадоў у гэтым доме праходзяць разнастайныя мерапрыемствы: забаўляльныя сустрэчы моладзі, хрысціянскі баль, імпрэзы для дзяцей і людзей сталага ўзросту, сустрэчы для хворых. А  падчас Дыяцэзіяльных дзён моладзі, святкавання ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў і іншых буйных мерапрыемстваў ён ператвараецца ў вялікую сталовую для ўсіх пілігрымаў.
 
Хто ж такі слуга Божы Францішак Марыя ад Крыжа Ярдан? Гэта заснавальнік манаскай супольнасці айцоў сальватарыянаў, якія з 90-х гадоў мінулага стагоддзя працуюць у нашай парафіі. Нарадзіўся ён 18 чэрвеня 1848 г. у Германіі. Пасля заканчэння школы Ярдан, усведамляючы абавязак дапамагаць маці, пачаў фізічна працаваць. Падчас падарожжаў па Германіі і іншых краінах Заходняй Еўропы ён часта сутыкаўся з вялікай матэрыяльнай і духоўнай беднасцю, відавочнай эксплуатацыяй і заняпадам хрысціянскага стылю жыцця. Усё гэта ў значнай ступені ўмацавала ў маладым Ярдане пакліканне да апостальскай працы. У 30 гадоў ён стаў святаром. Пад натхненнем Божай ласкі ў яго душы паволі выспявала думка аб стварэнні такой законнай супольнасці, якая сваёй дзейнасцю хоць часткова задавальняла б рэлігійныя патрэбы людзей і супрацьстаяла пануючаму злу.
 
Галоўнай ідэяй заснавальніка і першых членаў новага закону была апостальская праца ў шырокім разуменні гэтага слова. Ксёндз Ярдан вызначыў універсальную апостальскую мэту кожнага сальватарыяніна: "Пашыраць, абараняць, паглыбляць і ўзмацняць вучэнне Хрыста па ўсім свеце. Паўсюль, усім людзям, усімі спосабамі і сродкамі абвяшчаць таямніцу збаўлення". Разам з благаслаўлёнай Марыяй ад апосталаў (Тэрэзай Вюленвебер) ксёндз Ярдан заснаваў таксама Супольнасць сясцёр сальватарыянак.
 
Айцы сальватарыяне працуюць прыкладна ў 30 краінах Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Азіі. У Беларусі - у Браславе, Віцебску і Слабодцы.
 
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч