Напэўна, многія браслаўчане заўважалі скарбонку з выявамі дзетак у мясцовым супермаркеце «Еўраопт» па вуліцы Кастрычніцкай. Ахвяраванні збірае дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы».

Дырэктар фонду – католік, шматдзетны бацька, доктар тэалогіі, выкладчык Святога Пісання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах Уладзіслаў Валаховіч. Фонд быў створаны ў 2009 годзе ў Магілёве з мэтай абароны жыцця і сям’і. Сёння валанцёры моляцца ў абартарыях, існуе гарачая лінія па незапланаванай цяжарнасці, у Магілёве праводзіцца Школа падрыхтоўкі да родаў, аказваецца дапамога жанчынам, якія адмовіліся ад аборту, вядзецца праца з сужонкамі па падрыхтоўцы іх да сакрамэнту шлюбу. На сённяшні дзень дзякуючы малітве і кансультаванню ад аборту выратавана 124 дзіцяці.

«Біблія і вучэнне Касцёла заклікае нас да таго, каб ратаваць жыццё самых слабых і безабаронных, і я зразумеў гэта як заклік, скіраваны непасрэдна да мяне», − адзначыў Уладзіслаў Валаховіч у інтэрв’ю Catholic.by.

Таму, калі аднойчы вы захочаце дапамагчы ў добрай і важнай справе абароны жыцця, то смела можаце скласці свае ахвяраванні ў такую скарбонку і быць упэўненымі, што вашыя грошы апынуцца ў добрых руках.

Больш падрабязную інфрмацыю пра дзейнасць фонду вы можаце атрымаць на сайце http://www.prolife-belarus.org.


 

Святлана Жылевіч