8 верасня наша парафія адзначала ўрачыстасць у гонар тытула касцёла – нараджэння Маці Божай. Падчас святой Імшы на 11 гадзін вернікі маліліся таксама ў інтэнцыі малітоўнай групы «Маці ў малітве», якая адзначае 15 гадоў існавання. І, як нагадаў пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд, нашаму касцёлу спаўняецца 120 гадоў. А гэта – яшчэ адна добра нагода падзякаваць Богу за тыя ласкі, якія ён спасылае ў тым ліку і праз маітвы да цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў.


Раздзяліць радасць прыбыў і колішні вернік нашай парафіі, а цяпер біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а таксама прабашч парафіі ў Ахрэмаўцах кс. Юрый Жаўняровіч. Прыехалі таксама ўдзельнікі груп «Маці ў малітве» з Лынтупаў, Камаяў, Шаркаўшчыны і Далёкіх.

«Немагчыма пералічыць моц ласкаў і веліч заступніцтва Божай Маці, пачынаючы з таго моманту, каля яна стаяла каля крыжа свайго Сына, аж да сённяшняга дня, − распачаў гамілію біскуп Алег. – Марыя была першай, хто прыгарнуў да сябе дзяцей усяго свету».

Узгадваючы юбілей парафіяльнай суполкі «Маці ў малітве», іерарх акрэсліў яе добры момант у тым, што нагадвае пра ролю маці ў жыцці дзяцей. Па словах біскупа, ёсць час, калі бацькі павінны выхоўваць дзіця, але калі яно ўжо вырасла і стала самастойным, яго ўжо нельга «давыхаваць» − гэта было б памылкай. У складаных сітуацыях трэба маліцца. Важным застаецца і жыццёвы прыклад бацькоў (нават для дарослых дзяцей) і малітва.

«Малітва – гэта выраз даверу да Божай моцы, да Божай ласкі. Малітва павінна быць умацаваннай верай», − падкрэсліў біскуп. Бо не ў прыгажосці слоў будзеш выслуханы, а ў веры. Іерарх дадаў, што якасць малітвы і яе моц залежыць ад асабістых стасункаў верніка з Богам, яго блізкасці да Бога, жаданні пазнаваць Бога. «Бог настолькі нас выслухоўвае, наколькі мы самі шукаем Бога», − адзначыў біскуп Алег Буткевіч і пажадаў прысутным па прыкладзе Марыі заўсёды мець Бога ў сваім сэрцы.

Як падзяку прынеслі дары да алтара ўдзельнікі руху «Маці ў малітве» ў нашай парафіі. А пасля Імшы яны сабраліся за супольным сталом, каб пагутарыць адно з адным, падзяліцца вопытам і, канечне, памаліцца разам.

Даведка:
Рух «Маці ў малітве» існуе з 1995 года, а ў нашай парафіі з 2002 года і сёння распаўсюджаны ў многіх краінах свету. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне.
 
У нашай парафіі маці сустракаюцца на малітве па аўторках і серадах пасля Імшы на 19.00, а таксама пасля нядзельнай Імшы а 15-й гадзіне (адзін раз на тыдзень, каму калі зручна).


 

Тэкст і фота Святланы Жылевіч