У нядзелю 3 верасня ў нашай парафіі адбылася Імша і малітва на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года. Парафіяльная супольнасць малілася за школьнікаў і студэнтаў, а таксама за настаўнікаў, выхавацеляў і катэхетаў.

На пачатку літургіі пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд заахвоціў прысутных маліцца аб тым, каб час навучання быў для дзяцей і моладзі благаслаўлёным. Каб школьнікі навучыліся выкарыстоўваць набытыя веды і разумелі, што навучанне і тым больш катэхезацыя спрыяюць духоўнаму развіццю асобы.

Сённяшні ўрывак з Евавангелля нагадаў вернікам словы Хрыста пра тое, што, каб следаваць за Ім, неабходна адрачыся сябе і несці свой крыж. Выконваць словы Хрыста варта ў штодзённым жыцці, і кожны сам ведае, які яго крыж, у чым яго адрачэнне. Звяртаючыся да гэтых словах, кс. Станіслаў звярнуў увагу на тое, што навучанне ў школе для дзяцей – гэта і ёсць пэўнае адрачэнне, адмаўленне ад сваіх жаданняў, пэўная ахвяра на карысць свайго развіцця. Праца настаўнікаў – гэта таксама выконванне словаў Хрыста: бо патрабуе вялікіх высілкаў дзеля дабрыні і шчасця маладога пакалення. І, канечне, быць добрымі бацькамі – значыць часта адмаўляцца ад сваіх жаданняў, ад свайго эгаізму, а вучыцца пакоры. Падсумоўваючы сказанае, святар дадаў, што каб наследаваць Хрыста, не трэба чакаць асаблівых сітуацый, жыццё само штодня дае нам магчымасць рабіць добрыя ўчынкі на карысць іншых: сваіх дзяцей, родных, вучняў, калег.

Сімвалічным стала і складанне дароў, у каментарыі да якіх вернікі прасілі Бога аб дары розуму і мудрасці ў спасціганні створанага Богам свету.

Напрыканцы літургіі пробашч нагадаў, што абавязкам бацькоў з’яўляецца катэхезацыя дзяцей. А катэхеза ў нашай парафіі распачнецца з 30 верасня. Заняткі па катэхезе будуць таксама і для бацькоў.

Завяршылася Імша асвячэннем школьных прыналежнасцяў.

 


Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч