Сястру Таццяну Гмыза накіроўваюць на служэнне ў Полацк. З гэтай нагоды ў чацвер 24 жніўня святая Імша ў 19.00 будзе цэлебравацца як падзяка за працу сястры Таццяны ў нашай парафіі. Шчыра запрашаем усіх жадаючых на супольную малітву!

Сястра эўхарыстка Таццяна Гмыза працавала ў нашай парафіі 3 гады. Яна вяла актыўную працу з моладдзю, арганізавала катэхезу для дзяцей дашкольнага ўзросту, праводзіла катэхізацыю для бацькоў, а таксама лекцыі і вечарыны для падлеткаў з браслаўскага тубсанаторыя. Дзякуючы яе працы ў нашай парафіі былі арганізаваны выезды дзяцей на летні адпачынак у Польшчу, духоўна-азнакамляльныя экскурсіі для дарослых, праведзены шматлікія імпрэзы для дзяцей і моладзі.

Ад імя ўсёй парафіі выказваем шчыры словы падзякі сястры за яе вялікае сэрца і за рукі, што не баяцца працы, за яе жаданне быць бліжэй да парафіянаў і распавядаць ім пра Бога.

У адным з інтэрв’ю пра сутнасць манаскага служэння і свайго паклікання сястра Таццяна Гмыза прамовіла такія словы:

Сэрца манахіні праз кожную змену кляштара, парафіі становіцца большым, таму што тых людзей, якім служыла ў адным месцы, не забываеш, а едзеш на іншае — і знаходзіш новых. Былі розныя людзі, сітуацыі, і смешныя, і цяжкія, і непрыемныя, і вельмі радасныя, але за ўсе і ўсіх я дзякую Богу. Не ўяўляю свайго жыцця без іх.

Дзякуем Богу за вас, сястра Таццяна!