Сёлетняя ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе распачалася ўвечары 18 жніўня святой Імшой з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі. Папярэдзіў Імшу прыход пешых пілігрымаў, а таксама прыезд велапілігрымак.


Сёлета пешшу ў Браслаў прыйшлі пілігрымы з Глыбокага (77 чалавек), з Мёраў (37 чалавек), з Пагошчы (24 чалавекі), з Далёкіх (12 чалавек), а таксама роварная пілігрымка з Паставаў (10 чалавек) і Параф’янава (8 чалавек).

Святую Імшу а 18-й гадзіне ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Канцэлебравалі літургію біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі, Апостальскі Візітататар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама а. Міраслаў Станэк SDS, дырэктар сальватарыянскіх місій за мяжой.

Вітаючы ўсіх прысутных, біскуп Юрый Касабуцкі, а затым і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч шчыра падзякавалі ўсім пілігрымам, хто не пашкадаваў сілаў і часу і вырушыў у дарогу.

«Пілігрымка – гэта вялікае сведчанне веры, − адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі. – Яна аб’ядноўвае ў супольнасць, спрыяе духоўнаму ўзросту і паказвае Бога іншым».

А вось каб не баяцца быць сапраўдным сведкам Хрыста, неабходна прыняць дары Духа Святога і дазволіць Яму дзейнічаць у сваім жыцці. Пра гэта іерарх казаў у пропаведзі.

«Святы Дух неабходны кожнаму хрысціяніну, каб мы маглі пераадольваць чалавечыя слабасці, якія часта становяцца тормазам у справе нашага хрысціянскага сведчання, − адзначыў біскуп. – Кожны пакліканы быць сведкам Хрыста, кожны на сваім месцы. І сучасны свет вельмі патрабуе такіх сведкаў».

Дадзеная Імша стала пачаткам начного чування да ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў. Дзверы святыні будуць адчынены ўсю ноч, каб кожны жадаючы змог наблізіцца да Бога праз сузіранне цудоўнай іконы ў браслаўскім санктуарыі.


Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч