З0 чэрвеня на ўрачыстасць у Будслаў прыбылі каля 2300 пешых пілігрымаў, сярод іх была і группа “Salvator” з Браслава ў колькасці 90 чалавек. Навошта ісці пешшу, калі можна даехаць на машыне ці аўтобусе, чаму людзі абіраюць больш складаны шлях?
 
Маці ў Будславе
 
Ужо 27 гадоў з Браслава выходзяць пілігрымы і крочуць менавіта ў Будслаў. Цяпер там Нацыянальны санктуарый. Хоць і ў сваёй парафіі мы маем цудадзейны абраз, аднак Будслаўская Марыя, як прынята лічыць, надзелена асаблівай Божай ласкай. І да яе з уласнымі інтэнцыямі прыбываюць вернікі з усёй Беларусі.
 
Чаму пешшу?
 
Пешая пілігрымка – гэта асаблівае жыццё, гэта час духоўных разважанняў, пазбаўлены штодзённых традыцыйных бытавых клопатаў. У гэтыя дні пілігрым адракаецца ад некаторых выгодаў (спіць у палатцы, крочыць пад дажджом ці ў спякоту, церпіць боль, пакутуе ад мазалёў) і разам тым не засяроджваецца на фізічным, а мае магчымасць прысвяціць увесь свой дзень Богу, разважанню над яго словам, малітве, спевам. 
 
Напрыканцы кожнага дня сёлетняй пілігрымкі была арганізавана адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ці малітоўная сустрэча, каб цалкам даручыць свой час Богу, каб паразважаць над перажытым днём, стаць бліжэй адзін да аднаго і да Бога. 
 
Пешыя пілігрымы – гэта яшчэ і асаблівы знак для іншых. Напэўна, кожны, хто бачыць пілігрымку, хоць на хвілінку задумваецца аб нечым духоўным. Асабліва ўзрушвае, калі заўважаеш, як людзі становяцца на калены, калі бачаць крыж, за якім крочаць пілігрымы. Усяго пару хвілін, а іх жыхары маленькіх глухіх вёсачак чакаюць, можа, увесь год. Вочыгэтых людзей поўныя слёз радасці ад таго, што з імі проста прывіталіся, памахалі рукой, падарылі абразік на ўспамін і што яны могуць папрасіць святароў занесці іх ахвяры і малітвы да Маці Божай. Значыць, пілігрымка, яшчэ і для іншых: гэта нашае сведчанне веры
 
А яшчэ пілігрымка - гэта адчуванне вялікай хрысціянскай сям’і: калі зусім табе незнаёмыя людзі частуюць абедам, прымаюць на начлег, часам не толькі католікі, але і праваслаўныя. І ўсё гэта за бясплатна, за простае “Божа аддудзяч”. 
Чаму варта ісці пешшу? Думаем, што гэты адказ ёсць глыбока ў сэрцы кожнага пілігрымы. Ён вельмі асабісты. Таму каб знайсці ўласны адказ на гэтае пытанне, варта асмеліцца і вырушыць у пілімгрымаванне.
 
P. S. Вялікі дзякуй выказваем арганізатарам пілігрымкі, кс. Уладзіміру Шыдлоўскаму SDS і дыякану Яўгену Жукоўскаму SDS, а таксама кожнаму, хто рушыў разам з групай “Salvator”. 
 
Святлана і Аляксей Жылевіч
фота: Юрась Сапель
 
Па слядах пілігрымкі Браслаў-Будслаў 2017 (ч. 1)
 
 
Па слядах пілігрымкі Браслаў-Будслаў 2017 (ч. 2)
 
Па слядах пілігрымкі Браслаў-Будслаў 2017 (ч. 3)