Напярэдадні Адвэнту, у суботу 26 лістапада, у нашай парафіі прайшоў “хрысціянскі баль”. Ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі, як арганізатар імпрэзы, прапанаваў вернікам правесці вечар у шыкоўнай атмасферы супольнай забавы.
 
Шмат сем’яў і вернікаў прыйшлі ў залу, але, напэўна, ніхто нават не ўяўляў, якое святочнае месца для іх было падрыхтавана. У гэты вечар кожны адчуваў сябе чаканым, запрошаным госцем, якому рады. У галавае ўзнікла своеасаблівая алегорыя “неба”: нават не здагадваемся, як там хораша; Бог запрашае ўсіх, але не кожны хоча прыйсці.
 
Дзякуючы дапамозе с. Таццяны Гмыза і вядучай Анжалікі Пілат, вечар быў напоўнены конкурсамі, забавамі, інтэграцыйнымі танцамі. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці кс. Уладзіміру, а таксама ўсім, хто дапамог арганізаваць імпрэзу. Як адзначыў святар, яму хацелася стварыць добрае свята, супольны адпачынак для сем’яў парафіі, прапанаваць альтэрнатыву пасядзелкам ля тэлевізару. І гэта сапраўды атрымалася.
 
Думаю, што разам праведзены час дапамог прысутным знайсці новых знаёмых, правесці суботні вечар у кампаніі ўласнай сям’і і іншых добрых людзей. Няхай з атрыманым вялікім запалам дабра кожны з нас перажыве і надыходзячы час Адвэнту – не посту, але радаснага чакання прыйсця Збаўцы. Каб здолелі адкрыць сваё сэрца на тых, хто побач, блізка, зрабіць рай у сваёй сям’і, працы і нашай парафіі.
 
тэкст: Святлана Жылевіч
фота: Ірына Гайдамовіч і Віктар Паўкшта

Хрысціянскі баль ч. I

 

Хрысціянскі баль ч. II