З 17 па 19 жніўня ў Браславе адбыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Сустрэча гэта была прысвечана асаблівым адносінам маладых людзей да Бога і да бліжняга чалавека. Дэвіз сёлетняга спаткання — “Любіць Бога і бліжняга”. 
Усё распачалося ўрачыстай Літургіяй, якую цэлебраваў ксёндз-біскуп Алег Буткевіч. Пасля заканчэння Службы распачаліся катэхэзы і асноўная праграма. Адказныя за сустрэчу Дыяцэзіяльных дзён моладзі айцы-марыяне Аляксандар Жарнасек і Андрэй Сідаровіч, вельмі адказна падышлі да абвяшчэння Божага Слова скіраванага да моладзі роднай Дыяцэзіі. Сёлета ў Браслаў сабралося больш за 100 удзельнікаў з розных частак і рэгіёнаў Віцебшчыны. Была тут моладзь з Варапаева, Глыбокага, Полацка, Дзеркаўшчыны, Мёр, Віцебска і, канешне, з самого Браслава. Маладыя людзі сабраліся разам у гэтым цудоўным азёрным горадзе, каб вучыцца любіць Бога і бліжняга. 
Праз слуханне катэхэз, разважанне Божага Слова, удзел у малітвах праслаўлення і Святой Літургіі ў маладых прадстаўнікоў Віцебскай дэяцэзіі была добрая магчымасць паглыбіць свае асабістыя адносіны з Богам, а таксама навучыцца заўважаць каля сябе бліжняга, які патрабуе любові і ўвагі. Асаблівай духоўнай падзеяй сустрэчы стала пакутнае набажэнства, пад час якога, у моладзі была магчымасць прыступіць да сакраманту Споведзі і паразважаць над Божым Словам. Моладзь сапраўды глыбока перажыла гэты вечар. 
Не засталіся маладыя людзі і без інтэграцыйных мерапрыемстваў. У першы вечар адбылася дыскатэка, на якой можна было праявіць свае танцавальныя здольнасці. На наступны дзень аматараў спорту чакаў футбольны матч, першае месца ў якім заняла каманда з Варапаева. 
Пад час сустрэчы ў групках моладзь змагла падзяліцца досведам сваёй веры адзін з адным. Апошнім пунктам праграмы стала сустрэча з прадстаўнікамі аб’яднання “Pro life”, якое выступае ў абарону жыцця. Удзельнікі гэтага руху на чале з айцом Віталіем ОР (дамініканец) правялі тэматычную размову пра захаванне чысціні да шлюбу. Дыяцэзіяльныя дні моладзі скончыліся супольнай малітвай. 
Маладыя людзі працягнулі сваё духоўнае развіццё ўдзелам у праграме фэсту ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў. 
 
Артыкул падрыхтавала Настасся Харкевіч
фота: Ірына Гайдамовіч