26 чэрвеня Святой Імшой у 7.30 распачалася пілігрымка з Браслава ў Будслаў. 
Падчас казання ксёнд пробашч Станіслаў падкрэсліў, што гэта сам Бог выбраў кожнага з вас у надзвычайны час года Міласэрнасці крочыць шляхам да Маці Божай. Поўны запалу і добрага настрою пачынае шлях кожны пілігрым. VIA EST VITA (Дарога ёсць жыццё). Пілігрымку можна параўнаць з жыццём. Не ведаем, што нас чакае, але давяраем гэты шлях Міласэрнаму Богу і Маці Божай. Няхай кожны крок праслаўляе Бога. Кожнаму пілігрыму жадаем шмат сіл, радасці і супакою.
З групай „SALVATOR” вырушылі 75 чалавек, сярод іх 2 святары: кс. Уладзімір Шыдлоўскі SDS (кіраўнік групы) і кс. Лукаш Карасінскі SDS. Таксама разам крочаць: кл. Яўген Жукоўскі SDS, сёстры Эўхарысткі Таццяна і Ірына. Вырушылі ў пілігрымку з Браслава госці з Польшчы 5 чалавек. Па дарозе будуць далучацца да групы жадаючыя, каб крочыць разам да Маці Божай, таму спадзяёмся, што група „SALVATOR” будзе яшчэ большая!
 
фота: Ірына Гайдамовіч
тэкст: с. Таццяна