Бялюткія сукенкі, чыстыя думкі, светлы настрой … Такая атмасфера панавала ў нядзелю 15 мая ў нашай парафіі. 
У гэты дзень арганічна спалучыліся дзве падзеі: урачыстасць Спаслання Духа Святога і Першая Святая Камунія для 34 хлопчыкаў і дзяўчынак. Перад пачаткам Святой Імшы дзеці атрымалі благаславенне бацькоў і ўрачыста ўвайшлі ў касцёл праз прыгожую бязважкую арку з шарыкаў. Кампазіцыі з зялёных бярозавых галінак і белых кветак хрызантэм і руж ўпрыгожылі святыню, напаўняючы радасцю сэрцы ўдзельнікаў Святой Імшы. Словы казання ксяндза пробашча былі звернуты ў першую чаргу да дзяцей, якія ўпершыню прымалі ў свае сэрцы Езуса Эўхарыстычнага. Гісторыя пра сустрэчу турыста з манахам-пустэльнікам, які меў магчымасць бачыць толькі невялікі кавалак неба, стаўшы для яго скарбам; нагадала пра сапраўдны дар – хлеб з неба, што дае вечнае жыццё. Ксёндз Станіслаў заклікаў бацькоў быць годнымі сведкамі веры і прыкладам для сваіх дзяцей. Пры запаленых ад пасхала свечках першакамунійныя дзеці аднавілі абяцанні хросту. Павольна рухаючыся пад музыку, хлопчыкі і дзяўчынкі прыносілі да алтара дары. Потым настала доўгачаканая хвіліна радаснай сустрэчы з Езусам у Святой Камуніі. Адметным момантам урачыстасці стала песня-падзяка, адрасаваная дзецьмі сваім бацькам. Сімвалічныя вобразы авечак і добрага пастыра, выкананыя з паперы, з’яўляліся не проста элементам аздобы касцёла, а своеасаблівым увасабленнем дзяцей, якія ўпершыню прынялі Святую Камунію, і святара. Запамінальнай часткай урачыстасці стаў вершаваны зварот дзяцей да добрага пастыра, ксяндза Станіслава. Шчырыя словы падзякі ад бацькоў гучалі святарам і сёстрам Эўхарысткам. Дапаўненнем святочнай урачыстасці з’яўляўся невялікі канцэрт навучэнцаў школы мастацтваў з горада Наваполацка.
 
тэкст: Ірына Шыдлоўская
фота: Ірына Гайдамовіч