Рэстаўрацыя – гэта адмысловая справа. Яна накіравана на прадухіленне разбурэнняў і дасягненне аптымальных умоў працяглага захавання пэўных рэчаў матэрыяльнай культуры.
Асноўнай мэтай гэтага працэсу з’яўляецца аднаўленне страты прадмета (дэфекты, атрыманыя ў выніку эксплуатацыі - сколы, ўдары, расколіны і многае іншае) і паляпшэнне яго знешняга выгляду, а таксама кансервацыя прадмету.
Можна, безумоўна, і нешта новае купіць, але нельга купіць успаміны, гісторыю, якія звязаны з гэтымі фігуркамі.
Мы наведалі дом адной нашай парафіянкі, якая ўзялася за гэтую цікавую і адказную справу. Ілона вельмі сціплы чалавек, які больш робіць, чым кажа. Але не наведаць яе мы проста не маглі. У доме-майстэрні разам з пахам смачнай вячэры адчуваецца пах фарбы і клею. 
 
  • Добры вечар! Ого! Колькі ў Вас тут новых “жыхароў”. Нават прайсці няма дзе. І на доўга такія “госці” затрымаліся ў Вас?

Не. Я ўжо хутка скончу працу. Яны і так нагасціліся. Рэстаўрацыя – гэта не такі хуткі працэс. Таму некалькі тыдняў прыглядаемся адзін да аднаго.

  • Сападарыня Ілона, скажыце, калі ласка, каму ўсё ж такі належыць ідэя рэстаўрацыі фігурак да Свята Божага Нараджэння?
На гэта пытанне мне складана адказаць. Я думаю, што амаль кожны парафіянін, прыглядаючыся да фігурак, якія дапамагаюць стварыць урачыстую атмасферу моманту нараджэння Хрыста, хоць раз думаў, што добра было б іх аднавіць. Так думала і я. Аднойчы на працы, размаўляючы пра каляды і падрыхтоўку да іх са сваёй сяброўкай Ірынай, мы прыйшлі да высновы, што варта ўзяцца за гэту справу. Паразмаўляўшы з пробашчам і атрымаўшы дазвол я ўзялася за працу.
  • Які матэрыял Вы выкарыстоўваеце?
Белы гіпс, клей ПВА, мастацкія масляныя фарбы, акрылавыя фарбы, колеры.
  • Якія прылады дапамагаюць Вам пры рэстаўрацыі?
Стэкі, пэндзлі розных формаў і памераў, наждачная папера.
  • Апішыце, калі ласка, сам працэс рэстаўрацыі.
Спачатку я ачышчаю фігурку ад пылу і бруду з дапамогай шчотак і пэндзляў. Наколькі гэта магчыма, пазбаўляюся ад старой фарбы, стараючыся не пашкодзіць гіпс.  Потым запаўняю ўсе расколіны сумессю гіпсу з растворам клею ПВА, страчаныя часткі фігурак аднаўляю пры дапамозу гіпсу, высушваю, фарбую нанова і канчаткова высушваю фарбу.
  • Колькі часу займае аднаўленне адной фігуркі?
Усе залежыць ад яе стану і колькасці гіпсавых элементаў, якія трэба цалкам высушыць. 
  • Што было самае складанае для Вас?
Высушыць фарбу. Масляныя фарбы вельмі доўга сохнуць, гэта залежыць ад тэмпературы паветра і колькасці кіслароду ў памяшканні.
 
Дзякуем Вам за гэтую працу.
 
гутарыла Анжаліка Пілат
фота Ірына Гайдамовіч