22 лістапада Каталіцкі Касцёл ўшаноўвае памяць святой Цэцыліі, дзевы і пакутніцы, апякункі хрысціянскай музыкі і спеваў. Таму гэты дзень сярод вернікаў лічыцца святам касцёльных хораў. З гэтай нагоды віншаванні ад удзячных парафіян прымаюць і ўдзельнікі парафіяльнага хора браслаўскага касцёла “Нараджэння Маці Божай”. Усе гады існавання храма з пакалення ў пакаленне хор суправаджаў богаслужэнні, песняй праслаўляючы Госпада.
Праз песню ўзносіць сваю малітву Богу ён і ў нашыя дні. Кожную нядзелю і на святы парафіяне радуюцца шматгалоссю яго спеваў. Пачуць і ацаніць яго гучанне змаглі шматлікія пілігрымы, католікі іншых парафій Беларусі, і другіх канфесій, проста людзі цікаўныя, якіх збірае ў жніўні на свята Маці Божая Браслаўская. Магутнае “Аве, Марыя…” не пакідае нікога раўнадушным, перапаўняе сэрцы  любоўю і радасцю.
Ужо многа гадоў хорам кіруе (чалавек, якога Бог надзяліў дарам таленавітага спевака і музыканта) арганістка Сапун Іна Эдуардаўна, якая з дзяцінства была ўдзельніцай касцёльных літургічных спеваў пад кіраўніцтвам настаўніцы (святой памяці) арганісткі Разаліі Марцілёк (сястра Эўхарыстка), а пасля стала кіраўніком і арганізатарам парафіяльнага хору. Сталела з ім з гадамі, расла ў прафесіянальным плане, у чым дапамагла трохгадовая вучоба ў школе арганістаў пры Рыжскай Духоўнай семінарыі.
Да арганісткі і катэхэткі Іны заўсёды гарнуліся моладзь і дзеці і таму 35 маладых асоб з нашай парафіі сталі ўдзельнікамі міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”, з якога вярнуліся лаўрэатамі.
Дзеці і моладзь заўсёды актыўна ў розных намінацыях прымалі ўдзел у браслаўскім фестывалі духоўнай песні "Як птушка будзь, імкніся сэрцам да нябёсаў", які збіраў дзясяткі выканаўцаў і быў прыкметнай з’явай у духоўным і культурным жыцці краю, у конкурсе “Зорка Бетлеема”, які ўжо шэраг гадоў ладзіцца ў Міёрах. Таксама ў мінулагоднім нашы юныя салісткі зачаравалі журы і слухачоў і ў сваіх намінацыях былі прызнаны лепшымі выканаўцамі. Упершыню бліснуў на сцэне гэтага конкурсу і ансамбль юнакоў „Alis engeli“  (Крылы анёлаў), які сёння ўжо добра вядомы маладым браслаўчанам. Ён быў другім на раённам конкурсе міжкультурных камунікацый, з задавальненнем прымае ўдзел у моладзевых канцэртах.
Дарэчы, хор нібы дружная сям’я, якая збіраецца на святы. Яны разам у радасцях і ў цяжкія дні. І кожнага новага чалавека сустракаюць прыязна. Пэўна таму навічкі лёгка ўліваюцца ў (шматлікі) калектыў, з ахвотай рэалізуюць дадзены Богам талент.
Ад шчырага сэца дзякуем кожнаму ўдзельніку хора за бескарысную працу на хвалу Божую і для духоўнага дабра людзей. 
Жадаем вам натхнення, здароўя, асаблівай апекі Маці Божай Валадаркі, духоўнага і колькаснага росту, а кіраўніку хору – працавітай, таленавітай і адданай сваёй справе жанчыне – творчых задум і, безумоўна, іх рэалізацыі. 
 
Тамара Пашкевіч