У Дзеях Апостальскіх чытаем: «Апосталы ж, што былі ў Ерузалеме, пачуўшы, што Самарыя прыняла Слова Божае, паслалі ім Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, (бо Ён на нікога яшчэ не зышоў, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Пана Езуса). Тады яны ўсклалі на іх рукі, і тыя прынялі Духа Святога» (пар. Дз 8,14-17).
 
23 мая напярэдадні Урачыстасці Спаслання Святога Духа ў нашым санктуарыі адбылося вялікае Свята, падчас якога сакрамэнт канфірмацыі быў удзелены больш чым трыццаці браслаўчанам. Абрад, якім людзі падкрэсліваюць сваю прыналежнасць да каталіцкай супольнасці, свой удзел у жыцці Хрыста, наколькі намашчаны Духам Святым – Духам праўды і любові, Духам мужнасці для сведчання, Духам адказнасці за развіццё Касцёла і за прысутнасць Хрыста ў свеце — правёў яго Эксцеленцыя біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Свята распачалося ўрачыстым уваходам ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі ў святыню з удзяленнем пастырскага блаславення. Услед за ім увайшлі і кандыдаты для прыняцця сакрамэнту, а крыху пазней, ужо ў час Святой Імшы, якую разам з біскупам канцэлебравалі святары Браслаўскага дэканату. У прывітальным слове моладзь прасіла пастыра аб удзяленні ім сакрамэнту канфірмацыі, да якога рыхтаваліся не адзін год.
У адказ Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да прысутных са словамі ўдзячнасці за дар малітвы, за дар фарматарскай паслугі. "Браслаўскі касцёл – мой родны храм, дзе пачуў Божае пакліканне" - сказаў ён. А сваю гамілію пастыр Віцебскай дыяцэзіі прысвяціў свабодзе, якую Бог даў чалавеку і сутнасці якой той часам не разумее і не ўмее распарадзіцца. Такая “свабода” робіць яго залежным ад шкодных звычак, патурае граху. Сатана ўмела спакушае маладых людзей, якія адарваўшыся ад сямейнага ачага губляюць апору ў жыцці, не ўмеюць процістаяць злу. У такіх выпадках, раіў ім біскуп, трэба ісці ў касцёл, ачышчаць душу і ўмацоўвацца ў веры, просіць Божай дапамогі і згаджацца з Божай воляй. Зразумець жа Божую волю дапамагае Святы Дух. І калі мэтай жыцця будзе Божае Валадарства, то ўсё іншае чалавек атрымае,трэба у гэта толькі верыць.
Працягам набажэнства стаў сакрамэнт канфірмацыі, які распачаўся малітвай аб спасланні Духа Святога. Затым біскуп ў прысутнасці сведкаў удзяліў яго кандыдатам. Падчас Святой Імшы моладзь прынесла да алтара дары.
Напрыканцы набажэнства маладыя вернікі, іх бацькі падзякавалі ксяндзу-біскупу Алегу за ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі, а таксама пробашчу ксяндзу Станіславу і ксяндзу Тадэвушу за дапамогу ў падрыхтоўцы да прыняцця сакраманту хрысціянскай сталасці.
Яго Эксцэленцыя ксёндз-біскуп Алег у сваю чаргу падзякаваў святарам, сёстрам-эўхарысткам, усім прысутным вернікам за супольную малітву, а парафіяльнаму хору за цудоўны спеў падчас набажэнства.
— У час гэтай важнай падзеі адчуваў вялікую радасць, - пазней падзяліўся сваімі ўражаннямі і пачуццямі бежмаваны ў гэты дзень Аляксандр Палякоўскі. - Удзел у жыцці касцёла напаўняе жыццё новым зместам. Моладзь нашай парафіі пастаянна ладзіць сустрэчы, гутарыць на розныя тэмы. Гэта дапамагае ім прымаць правільныя рашэнні і жыць з любоўю да людзей.
Тамара Пашкевіч.
фота: Ірына Гайдамовіч