25 і 26 снежня валанцёры браслаўскага “Карытас” наведалі  дом інтэрнат для інвалідаў і састарэлых. Усім яго жыхарам, а гэта каля ста чалавек, яны прывезлі пачастункі і цёплыя словы віншаванняў ад сваёй дабрачыннай арганізацыі, а таксама ад ДКТ "Карытас" Віцебскай дыяцэзіі і сям’і мясцовых прадпрымальнікаў Красных.
Адзіноцтва – цяжкое выпрабаванне для чалавека.  Асабліва, калі ўжо даюць  сябе адчуваць пражытыя гады,  адольваюць хваробы, а побач няма  блізкіх, каму можна паскардзіцца на  трывогі,  якія ўсё часцей ахапляюць душу, на тое, што сам ужо не спраўляешся  абслугоўваць сябе,  і не пачуеш у адказ ласкавае слова,  не адчуеш, што цябе па-ранейшаму любяць і цэняць.  
“Карытас” парафіі “Нараджэння Маці Божай у Браславе” не ў стане замяніць такім людзям сям’ю. Але мы можам даць адчуць ім, што пра іх ведаюць і памятаюць.  Вось і ў дзень Божага Нараджэння нашы  валанцёры ў чарговы раз адправіліся  ў райбальніцу да тых, каго  ў гэты святочны дзень  не было каму праведаць. У аддзяленнях і капліцы іх павіншавалі  з  Калядамі і ўручылі падарункі, якія былі набыты, дзякуючы фінансавай падтрымцы Епархіяльнага Карытаса і сям’і мясцовых прадпрымальнікаў Гаспаровічаў.
 
 
Тамара Пашкевіч