29 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай адбылася першая дыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Удзельнічалі ў ёй як вернікі з Браслава, так і з Глыбокага, Міёраў, Паставаў і Полацка.
 
Галоўным матывам сустрэчы была тэма важнасці малітвы за памерлых. Як адзначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, “ мы не маем права забываць пра памерлых, бо яны, як і мы ― частка Касцёла”. 
 
Удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць, і канешне, разам памаліцца. Таксама ў праграму дня ўвайшлі канферэнцыі. Адна з іх ― ад спадарыні Аліны Новікавай ― была прысвечана гісторыі заснавання Кангрэгацыі сясцёр памочніц душам чыстцовым і Апостальства дапамогі душам чыстцовым.
 
У сваю чаргу ксёндз Мікалай Ціхановіч падзяліўся досведам свайго служэння як экзарцыста і распавёў, наколькі важнай з’яўляецца малітва за памерлых. 
“Памерлы не знікае. Час яго пілігрымавання на зямлі сканчваецца, але памерлы не знікае. Каталіцкі Касцёл кажа, што некаторыя душы ачышчаюцца, перад тым, як увайсці ў Валадарства Божае. У чыстцы яны знаходзяцца ў стане суда, іх час заслугаў завершыўся. Таму часта кажуць, што памерлыя не могуць сабе дапамагчы”, ― адзначыў святар. 
 
Калі вы хацелі б падрабязней даведацца пра  сутнасць Апостальства дапамогі душам чыстцовым, звяртайцеся ў сакрыстыю.
 
Інфармацыю можна знайсці таксама на apostalstva.by.
 
Святлана Жылевіч