У нядзелю 11 верасня супольнасць руху «Маці ў малітве» ў нашай парафіі адзначыла 20-годдзе існавання. У свеце гэты малітоўны рух жанчын існуе 27 гадоў, 21 год у Беларусі і ўжо 20 гадоў у Браславе.
 
Святая Імша на 11 гадзін аб'яднала прысутных малітвай падзякі за маці і ўдзельніц гэтага руху, якія прыбылі ў тым ліку са многіх куткоў Віцебскай дыяцэзіі: Паставаў, Камаяў, Лынтупаў, Лучая, Відзаў, Глыбокага, Верхнядзвінску, Далёкіх, Шаркаўшчыны, Пагошчы, аршанскай парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі і віцебскіх парафій Святой Барбары і Святога Антонія. Прысутнічала таксама каардынатар руху у Беларусі  — Людміла Губіна. 
 
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На пачатку гаміліі біскуп павіншаваў удзельніц руху з такой прыгожай датай. Малітва за дзяцей, за новае пакаленне — гэта вельмі важная справа. Бо, па словах пастыра, праблемы ў сем'ях, якія цяпер перажываем, з'яўляюцца наступствам часоў атэізму, бязвер'я трох пакаленняў. Таму салідарнасць, супольная малітва маці вельмі важная, як важны і ўласны прыклад жыцця. 
 
«Невымоўна, што тут, у Браславе, маці яднаюць сваю малітву з малітвай Найсвяцейшай Панны. Той, якая, хоць і была пазбаўлена праблем, выкліканых першародным грахом, але многае перажывала разам са сваім Сынам: яго пакуты, адносіны іншых», — адзначыў біскуп Алег. І дадаў, што хоць усе мы часам з'яўляемся заблукалымі авечкамі, але разам з тым можам маліцца за іншых. Што і маем рабіць.
 
Пасля літургіі ўдзельнікі руху сустрэліся за абедам у парафіяльным доме імя а. Францішка Ярдана.
 
Калі вы жадаеце далучыццца да руху ці даведацца падрабязней пра час сустрэч, звяртайцеся ў сакрыстыю. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч