8 верасня Каталіцкі Касцёл адзначае свята Нараджэння Панны Марыі. Для нашай парафіі - гэта ўрачыстасць, паколькі такі тытул мае святыня. З гэтай нагоды вернікі сабраліся на малітву ў 11 і 19 гадзін. Увечары літургію канцэлебравалі таксама і святары брасласкага дэканату.
 
Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд прапанаваў паразважаць над тым, што азначае свята дня нараджэння чалавека ўвогуле і ў нашых сем'ях. І што мы ведаем пра Марыю і чаму можам у яе павучыцца. 
 
"Што мы прынясём ёй у падарунак на Дзень нараджэння? Як дар - удзячнае сэрца. Прыносім абавязацельства выконваць чацвёртую Божую запаведзь - "Шануй бацьку і маці": Марыя шанавала і слухала сваіх бацькоў. Некаторыя выявы паказваюць, як святая Ганна вучыла яе чытаць. Прыносім таксама гарачае жаданне слухаць яе голас і выконваць яе ўказанні, адкрываць сэрца на Божы заклік, напаўняць спакоем сябе і сваё жыццёвае асяроддзе", - адзначыў ксёндз Станіслаў.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч