Позна ўвечары ў санктуарыі прайшло набажэнства да Маці Божай Валадаркі Азёраў, начная працэсія па вуліцах горада з копіяй цудадзейнага абраза, а таксама святая Імша.
Падчас літургіі біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў прысутных паразважаць над дзвюма асаблівасцямі Марыі: яе верай і ўменнем слухаць Божае слова і разважаць над ім. 
Як адзначыў іерарх, Евангелле ўказвае нам не на вонкавыя асаблівасці Марыі, а на яе ўнутранае стаўленне. Марыя, перш чым зачала Бога ў сваім улонні, насіла яго пад сэрцам. «Менавіта Марыя была першай сярод тых, хто слухаў Божае слова», ― адзначыў біскуп.
Вера Марыі дапамагла ёй цалкам даверыца Богу. Таму, як адзначыў пастыр, варта браць прыклад з яе, каб дзякуючы нашай веры змянялася і наша жыццё.
«Дарагія браты і сёстры. Гэтае святое месца, дзе валадарыць у сваім цудадзейным абразе Маці Божая Браслаўская, сведчыць аб тым, што Бог спасылае сваю ласку людзям. Гэтую ласку выпрошвае нам Марыя, а дзякуючы ёй мы перамяняемся і можам зрабіць немагчымае: адваліць той камень, які закрывае перад намі шлях да Божага Валадарства. Бо тыя, хто слухае Божага Сына і Яго Маці, не загінуць навекі; той, хто працуе для Марыі, не зграшыць; хто пра Марыю разважае, дасягне вечнага жыцця», ― адзначыў біскуп Аляксандр. 
 
Фотарэпартаж Ірыны Гайдамовіч