10 снежня адыйшоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель, ураджэнец Браслава. Святару было ўсяго 54 гады, але за час свайго святарскага служэня ён зрабіў шмат добрых справаў для адраджэння асобных парафій і ўсяго Касцёла на Беларусі.
 
У Браславе развітанне са святаром адбывалася 13 і 14 снежня. Ксёндз Міхал быў пахаваны на старых гарадскіх могілках. 
 
Падчас пахавальнай святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары і вернікі маліліся аб вечным шчасці для спачылага і дзякавалі Богу за плады яго служэння. 
 
"Сёння просім Бога дар міласэрнасці і ўзнагароды за ахвяраванае святарскае жыццё ксяндза Міхала", - распачаў пахавальную святую Імшу біскуп Алег.
У гаміліі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на тое, што колькасць пражытых гадоў і іх якасць - розныя рэчы. Жыццё ксяндза Міхала Сапеля было напоўнена не толькі падзеямі, але было плённым. І пра гэта сведчыць яго біяграфія.
 
Ксёндз Міхал Сапель нарадзіўся 17 лістапада 1967 года ў сям'і Канстанціна і Леакадзіі. З маленства маці клапацілася пра рэлігійнае выхаванне сыноў. Пасля школы Міхал паступіў у медыцынскае вучылішча ў Даўгапіўсе, што недалёка ад Браслава, у Латвіі. Прапіска ў гэтай краіне дала магчымасць юнаку паступіць у Духоўную семінарыю ў Рызе. Скончыў яе ў 22 гады, але святарскае пасвячэнне можна было атрымаць толькі ў 25. І тады Міхалу параілі напісаць ліст з просьбай Папе Рымскаму. І Святы Айцец дазволіў. 
 
Гэта быў 1990 год. Маладога святара накіравалі працаваць у Мінск. Тут яго прызначылі  вікарыем касцёла на Кальварыі, а затым - душпастырам першай супольнасці вернікаў, які жадалі маліцца па-беларуску.  Затым меў заданне перакладаць Імшал на беларускую мову. А таксама яго намаганнямі было створана аддзяленне дабрачыннага каталіцкага таварыства "Caritas" у Беларусі. Многія святары распазналі сваё пакліканне таксама дзякуючы прыкладу і навучанню святара. Ксяндзом стаў і яго пляменнік кс. Аляксандр Сапель.
 
Працаваў таксама пробашчам парафіі ў Ракаве, нёс пастырскае служэнне ў Заслаўі.
 
Няхай Добры Бог прыме спачылага ў сваё Валадарства.
 
Вечны адпачынак дай яму, Пане...
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч