Пра гэта казаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы ўдзень 21 жніўня. Адбылася літургія на палявым алтары з удзелам духоўных асоб, гасцей парафіі і пілігрымаў і ўсіх вернікаў, якія прыйшлі ў гэты дзень ушанаваць Маці Божую ў цудадзенай браслаўскай іконе.
 
Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. А ў гаміліі да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
«Прыкметна, што браслаўскі фэст завяршае цэлую чараду летніх марыйных урачыстасцяў ва ўсіх беларускіх дыяцэзіях; урачыстасцяў, якія моцна ўпісаліся ў рэлігійнае жыццё нашага народа, — распачаў гамілію Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — І нават выкліканыя пандэміяй каранавірусу абмежаванні і перашкоды не замінаюць практыкі культу Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта знак даверу нашага народа Божай Маці, якая няспынна клапоціцца пра нас. Гэта таксама знак надзеі на тое, што, беручы прыклад з Марыі і просячы Яе заступніцтва, мы зможам перамагчы ўсе складанасці нашага асабістага і грамадскага жыцця і будаваць нашу будучыню на падмурку вечна актуальных і жывых прынцыпаў Евангелля. Таму мы можам смела казаць, што Марыйная пабожнасць на нашай зямлі — гэта наш нацыянальны духоўны „брэнд“».
 
Іерарх разважаў таксама над сутнасцю і значэннем праўды ў сучасным свеце, заклікаў думаць і жыць па-Божаму, а не катэгорыямі сучаснага свету. 
 
«У наш час вельмі небяспечных грамадскіх і маральных выклікаў, калі здаецца, што грэх і зло перамагаюць, ніколі не позна распачаць нанова, ніколі не позна пачуць словы Езуса і іх выканаць: устаць і ісці. Мы створаныя па вобразу і падабенству Божаму. Гэты факт чыніць нас здольнымі любіць свайго Створцу і іншых людзей, быць адказны за наш асабісты лёс і лёс свайго народа, жыць свабодна паводле Божага закону і Яго праўды, і такім чынам падымацца з грахоўнага балота і ісці наперад у духоўным удасканаленні», — заахвоціў арцыбіскуп.
 
Завяршылася святая Імша прысвячэннем нашай краіны апецы Маці Божай.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч