У нядзелю 1 жніўня вернікі нашай парафіі дзякавалі Богу і ксяндзу Адаму за яго працу. Амаль 15 гадоў жыцця святар прысвяціў абвяшчэнню Божага слова ў нашай краіне, а цяпер вяртаецца на Радзіму, у Польшчу.
 
Ксёндз Адам Квяткоўскі SDS нарадзіўся ў дзень Божага Нараджэння ‒ 25 снежня ‒ 1967 года ў польскім горадзе Глушыца, што непадалёку ад Чэхіі. Пасля заканчэння базавай школы Адам Квяткоўскі вучыўся 5 гадоў у тэхнікуме на энергетыка. А ў 1987 годзе паступіў у навіцыят сальватарыянаў. Праз год, пасля складання манскіх абяцанняў, распачаў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі сальватарыянаў у Багне. 28 мая 1994 года прыняў святарскае пасвячэнне.
 
Працаваць у Браслаў  ксёндз Адам прыехаў 16 жніўня 2006 года. З 2013 па 2016 год святар быў пробашчам у віцебскай парафіі Святога Духа. З 2016 года па 2021 зноў нёс сваё служэнне ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў. У нашай парафіі ксёндз Адам асабліва шмат часу прысвячаў малітве з парафіяльнымі супольнасцямі, душпастырству хворых і самотных людзей.
 
«Жыццё адкрывае мне сутнасць маёй святарствай паслугі: на пачатку святарства займаўся з дзецьмі, з міністрантамі, пазней Бог паказаў неабходнасць дапамогі хворым і церпячым. Лічу, што святар павінен быць блізкім другому чалавеку, быць даступным на просьбы іншых людзей аб сакрамэнтальнай паслузе. Святар павінен маліцца разам з людзьмі», ‒ разважаў ксёндз Адам Квяткоўскі напярэдадні 25 -годдзя святарства.
 
За ўсе добрыя справы і духоўнае кіраўніцтва дзякавалі ксяндзу Адаму многія вернікі, прадстаўнікі парафіяльных груп і духоўныя асобы.
 
«Хачу падзякаваць табе за ўсё. Таму што як чулі ў словах удзячнасці ад парафіянаў, твая паслуга тут прынесла добрыя плады, ‒ звярнуўся да ксяндза Адама пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд. ‒ Пан Бог блаславіў твой шлях служэння ў гэтай краіне, у гэтай парафіі, таму хочам дзякаваць Богу за тое, што праз твае рукі Ён зрабіў сваім дзецям у гэтай парафіі».
 
Наступным месцам працы кс. Адама Квяткоўскага стане Душпастырскі цэнтр Маці Божай Астрабрамскай у Вэнцюрцы (Кракаўская архідыяцэзія, Польшча). 
Дзякуем ксяндзу Адаму за прыклад шчырай веры і адкрытага сэрца. Жадаем Божага бласлаўлення ў далейшай пастырскай паслузе! 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч