У суботу 15 мая 2021 г. заснавальнік супольнасці сальватарыянаў а. Францішак Марыя ад Крыжа Ярдан быў беатыфікаваны. Гэта стала магчымым, калі Кангрэгацыя па справах кананізацыі прызнала цудам аздараўленне дзяўчынкі з Бразіліі праз яго заступніцтва.
 
Беатыфікацыя заснавальніка — вялікая радасць для сальватарыянаў: святароў, братоў, сясцёр і свецкіх асоб, якіх налічваецца больш за пяць тысяч. 
У нядзелю 16 мая ў нашу парафію завітаў а. Аляксандр Сапель SDS, які падчас святых Імшаў распавядаў пра асобу і духоўнасць іх заснавальніка.
Бласлаўлёны а. Францішак Марыя ад Крыжа Ярдан нарадзіўся 16 чэрвеня 1848 г. у Гуртвелі (сучасная Германія). У той час дзяржава прымушала святароў прысягаць сабе на вернасць, а калі яны адмаўляліся — забараняла служыць у касцёлах. Духавенства было пазбаўлена права нагляду за школамі, а ў лютым 1875 г. былі распушчаны амаль усе каталіцкія ордэны.
 
Як распавёў айцец Аляксандр, заснавальнік іх таварыства паходзіў з беднай сям'і, таму не мог ажыццявіць мару стаць святаром. Скончыўшы пачатковую школу, працаваў рабочым і мастаком-дэкаратарам, падарожнічаў па тэрыторыі тагачаснай Германіі. Ён заўважыў цяжкае духоўнае становішча сваёй радзімы і іншых еўрапейскіх краін. Людзі адвярнуліся ад Бога і адмовіліся ад веры, а Касцёл быў жорстка абмежавана дзяржавай у выкананні яе місіі.
Нягледзячы ні на якія перашкоды і цяжкасці, айцец Францішак у 30 гадоў стаў святаром. Потым паводле загаду біскупа накіраваўся ў Рым для вывучэння ўсходніх моў: сірыйскай, арамейскай, копцкай, арабскай, а таксама іўрыту і грэчаскай.
 
У душы паволі выспявала думка аб стварэнні такой законнай супольнасці, якая сваёй дзейнасцю хоць часткова задавальняла б рэлігійныя патрэбы людзей і супрацьстаяла пануючаму злу.
 
Рашаючым момантам для рэалізацыі Божых планаў аказалася яго падарожжа на Бліжні Усход, а асабліва ў Святую Зямлю ў 1880 годзе. Падчас гэтага падарожжа канчаткова зразумеў, што Бог кліча яго заснаваць новую справу, цалкам аддацца апостальскай місіі Касцёла пры дапамозе ўсіх магчымых спосабаў і сродкаў, якія дыктуе Божая любоў.
 
Калі вярнуўся ў Вечны Горад, заснаваў 8 снежня 1881 г. Апостальскае Таварыства Навучання, якое канчаткова перарадзілася ў манаскі інстытут: Таварыства Боcкага Збаўцы.
 
У сваёй справе з самага пачатку жадаў аб’яднаць усе каталіцкія сілы ў айчыне і на тэрыторыях місій з адзінай канкрэтнай мэтай: захоўваць, аберагаць і пашыраць каталіцкую веру ва ўсім свеце. Мужчыны і жанчыны, святары і свецкія, людзі навукі і простыя людзі, арганізатары розных сектараў грамадскага жыцця: усе разам, праз розныя ўзроўні прыналежнасці да інстытута, павінны аб’яднацца ў заснаванай справе, у супольнай апостальскай дзейнасці. 
 
8 снежня 1888 г. пры ўдзеле бл. Марыі ад Апосталаў заснаваў таксама жаночую галіну Супольнасці – сясцёр сальватарыянак.
 
Іншым важным элементам развіцця Таварыства стала стварэнне новых супольнасцяў у многіх краінах Еўропы і свету. Асновай яго духоўнага росту была глыбокая любоў да Бога і бліжняга, давер да Божага Провіду, а таксама пакора, мужнае прыняцце крыжа і вернасць Касцёлу. З цягам часу айца Ярдана пачалі лічыць чалавекам, які жыве святым жыццём, як з боку членаў яго супольнасці, так і з боку іншых людзей. У той жа час ён быў сведкам прыкметнага развіцця сваёй працы як геаграфічна, так і колькасна.
 
«Пры нараджэнні ён быў названы Ян Хрысціцель Ярдан. У манастве абраў сабе імя Францішак Марыя ад Крыжа Ярдан. Францішак – бо захапляўся жыццём святога Францішка Асізскага; Марыя – бо штодня маліўся да Марыі і праз яе заступніцтва звяртаўся да Бога, даручыў сябе і заснаваную ім супольнасць Марыі; ад крыжа – бо казаў, што ад крыжа нельга адмовіцца», – патлумачыў айцец Аляксандр.
 
фота: Ірына Гайдамовіч