Вялікая радасць! Папа Францішак у суботу 1 жніўня 2020 года прызначыў кс. Караля Кульчыцкага, сальватарыяніна з Польшчы, новым Біскупам дыяцэзіі Порт Пір’е ў Аўстраліі.
 
Кс. Кароль нарадзіўся ў 1966 г. у Польшчы. Пасля завяршэння сярэдняй адукацыі ў 1987 г. паступіў у Ордэн Сальватарыянаў. Законная фармацыя і вучоба ў Вышэйшай Духоўнай Семінарыі трывала сем гадоў. 28 мая 1994 г. у Санктуарыі Маці Божай Фацімскай ў Тшэбіні атрымаў святарскае пасвячэнне. На працягу першых трох гадоў святарскага служэння малады кс. Кароль быў душпастырам у Сальватарыянскім Цэнтры Пакліканняў, дзе дапамагаў школьнай і студэнцкай моладзі ў распазнаванні свайго паклікання. 
 
Ужо тады ў сэрцы святара нарадзілася думка працаваць і служыць у Аўстраліі. У 1997 г. кс. Кароль атрымаў згоду ад законнай улады, каб працягваць сваю святарскую паслугу і законнае жыццё ў супольнасці Сальватарыянаў у Аўстраліі. Пасля прыбыцця ў Пэрт, на працягу некалькіх месяцаў хадзіў у моўную школу. Падчас сваёй працы ў Аўстраліі, якая трывала 21 год, кс. Кароль выконваў абавязкі вікарыя, пробашча, капелана школы, а таксама настаяцеля Рэгіёна Сальватарыянаў у Аўстраліі. Месцамі святарскага служэння былі касцёлы і школы як у вялікіх гарадах, так і ў вёсках. Часта кс. Кароль пераадольваў шмат кіламетраў, каб даехаць да невялікай групы вернікаў і адправіць святую Імшу. 
 
Выбар намеснікам правінцыяла Сальватарыянаў у 2018 г. у Кракаве завяршыў руплівае служэнне кс. Караля на аўстралійскай зямлі. Цяпер рашэнне нашага Папы Францішка ізноў пасылае кс. біскупа Караля на далейшае служэнне для дабра каталіцкага Касцёла ў Аўстраліі. 
 
Я, сальватарыянін Адам Квяткоўскі, аднакурснік новага біскупа, накіроўваю да вас, дарагія чытачы, дадзенае паведамленне. Для мяне гэтае прызначэнне мае асабісты аспект. Я бачу кс. Караля, як вельмі добрага арганізатара. Гэта дзякуючы яго намаганням наш курс, пасля атрымання святарскага пасвячэння, мог некалькі разоў сустрэцца разам. Апошняя такая сустрэча адбылася ў Браславе з нагоды 25-годдзя з дня атрымання святарскага пасвячэння. Мы разам перад абразом Божай Маці дзякавалі Богу за пражытыя гады ў святарскім служэнні, а таксама прасілі благаслаўлення Найвышэйшага Святара Езуса Хрыста ў далейшым (падрабязная інфармацыя пра гэтую падзею знаходзіцца тут).
 
Сёння дзякую Боскаму Збаўцу, што Ён на маім шляху паставіў асобу кс. Караля. Да слоў удзячнасці далучаю сваю малітву праз пасрэдніцтва Божай Маці, просячы дароў Духа Святога на годнае выкананне Божай волі. Да гэтай малітвы заахвочваю і вас.