У чацвер 11 чэрвеня Каталіцкі Касцёл адзначаў урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Пасля Імшы ўдзень у нашай парафіі адбылася ўрачыстая працэсія вакол касцёла.
 
Падчас гаміліі ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд заахвоціў вернікаў паразважаць над сутнасцю Эўхарыстыі і яе месцам у нашым штодзённым жыцці.
 
«Ці мы ўсе, тут прысутныя, разумеем, што праз наш удзел у Эўхарыстыі, нашыя паводзіны ў святыні, нашыя малітвы, праз наша прыняцце Хрыста ў святой Камуніі, мы даём сведчанне аб нашай веры ў сапраўдную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі?.. — звярнуўся пробашч да прысутных вернікаў. — Мае дарагія, перажываючы сёння ўрачыстасць Божага Цела варта аднавіць веру і прыгадаць найважнейшыя праўды пра Эўхарыстую. А перадусім паверыць, што хлеб і віно, якія выкарыстоўваем падчас Найсвяцейшай Ахвяры становяцца Целам і Крывёй, Душой і Боскасцю Езуса Хрыста. Сапраўды: Сын Божы, Езус Хрыстус, наш Збаўца і Адкупіцель прысутны ў кожнай кансэкраванай гостыі ва ўсіх касцёлах ва ўсім свеце (...)». 
 
«Як жа мы можам старацца быць людзьмі, якія яшчэ больш любяць Хрыста і асабліва шануюць Эўхарыстыю? Павінны перадусім старацца часцей удзельнічаць у Ахвяры святой Імшы, разумеючы, што яна з'яўляецца найпрыгажэйшай малітвай Касцёла. Каб сапраўды жыць Эўхарыстыяй, мы павінны ахвяраваць Хрысту столькі часу, колькі толькі можам, каб адараваць Хрыста ў табернакулюме. Памятаем і верым у тое, што гэта не толькі найсвяцейшае месца, а месца, напоўненае Усемагутным Богам, для якога ўсё магчыма і ў якога можам усё выпрасіць і атрымаць. Гэта сумны парадокс нашага жыцця: Бог вымушаны "спаборнічаць" з нашымі рознымі справамі, каб толькі атрымаць ад нас хвілінку, падчас якой хоча нас узбагаціць і благаславіць, — адзначыў ксёндз Станіслаў. 
 
«Дарагія браты і сёстры, нашая прысутнасць сёння ў касцёле — гэта сведчанне веры ў прысутнаць Бога ў Эўхарыстыі. Няхай прыняцце Хрыста ў нашае сэрца, а затым ўрачыстая працэсія стануць для нас вызнаннем веры і любові да Хрыста, будуць для нас скарбніцай божых дароў. Яго жывая прысутнасць няхай дапаможа нам лепш маліцца і шукаць Бога», — заахвоціў пробашч. 
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч