21 мая католікі Беларусі перажывалі ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана. Падчас святой Імшы ўдзень пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS звярнуўся да парафіянаў з наступнай гаміліяй.
 
«Мае дарагія, мы верым у гэтую радасную праўду, якую сёння, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Езуса Хрыста, святкуем: Хрыстус узышоў на Неба і там чакае кожнага з нас. Унебаўшэсце – гэта хвіліна вялікай перамогі Хрыста. Пан Езус узышоў на Неба не толькі як Бог, але і як чалавек. Будучы Божым Сынам прыняў людское цела, каб у гэтым целе здзейсніць нашае збаўленне. Будучы паслухмяным свайму Айцу як Бог-чалавек быў прыбіты да крыжа і перажыў самае вялікае прыніжэнне. Таму трэба было, каб як Бог-чалавек перажыў самую вялікую перамогу, каб як Бог-чалавек сядзеў у Небе праваруч Айца», – прамовіў пробашч. 
 
«Сам Езус сказаў: "і Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе". Таму як Пан Езус уваскрос, і мы уваскрэснем. Так як Бог узышоў на Неба, так і мы можам дасягнуць вечнае жыццё ў Небе. У святле Унебаўшэсця Хрыста наша чалавечае жыццё набывае сэнс. І ў гэтым святле набывае сэнс чалавечае цярпенне і смерць. Чалавек, які верыць у Хрыста і ведае яго вучэнне, не можа казаць як няверуючыя: не ведаю чаму і для каго я жыву, не ведаю, дзеля чаго перажываю розныя цяжкасці, не ведаю, што будзе са мной пасля смерці. Гэтыя пытанні асабліва актуальны сёння, у перыяд пандэміі каранавірусу, калі многіх людзей ахоплівае страх. Мы ж верым у Езуса Хрыста, а вечнае шчасце з'яўляецца мэтай жыцця. Для няверуючых смерць – гэта канец усяго, для веруючых – пачатак новага і лепшага жыцця. Для няверуючых смерць – гэта нагода для роспачы і слёз, для веруючых – час надзеі. Радуемся ж сёння ад усяго сэрца з Хрыстовай перамогі і захавайма ў нашых сэрцах прагу да ўнебаўшэсця. Перамога Хрыста ёсць і нашай перамогай. Няхай вобраз Хрыста, які ўзыходзіць на Неба, спадарожнічае нам ва ўсім нашым жыцці»,  заахвоціў святар. 
 
Запісала Святлана Жылевіч