У суботу 22 лютага ў росіцкім касцёле Святой Тройцы вернікі і духавенства з розных парафій сабраліся ўшанаваць памяць благаслаўлёных айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, а таксама 1528 мірных жыхароў, якія былі спалены 16–18 лютага 1943 года падчас антыпартызанскай карнай аперацыі. У набажэнствах прынялі ўдзел вернікі нашай парафіі, а таксама святары і сёстры эўхарысткі.
 
Распачалася малітва адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішак Кісель. З гаміліяй да прысутных вернікаў звярнуўся канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч.
 
«Паглядзіце на гэту падлогу, на ёй у 1943 годзе стаялі людзі, якіх прысудзілі на пакуты, да пакарання без віны. Сёння мы спяваем велічныя гімны, узрушаныя малітвай, прымаем святую Камунію, а ў 43-м годзе тут людзі думалі пра сваю смерць, што прыйдзе момант, калі трэба будзе пакінуць гэты свет ад рук карнікаў», — прыводзіць словы ксяндза Віктара Місевіча сайт Каталіцкі веснік.
 
Святар прывёў словы Папы Францішка, які казаў, што «кожны дзень – гэта маленькае паміранне». Час ляціць, дні мінаюць, людзі старэюць і адчуваюць, што набліжаюцца да мэты – адыходу з гэтага свету. «Пантыфік кажа, што кожны дзень трэба памятаць пра гэтае маленькае паміранне. Калі пра гэта памятаем, тады мы мудрыя, а калі забываемся – гэта праява глупства і неразумнасці. Бо чалавек не бессмяротны», – дадаў ксёндз Віктар.
 
Пасля літургіі прысутныя накіраваліся ў працэсіі да месца пакутніцкай смерці жыхароў Росіцы. Пасля малітвы для ўсіх пілігрымаў быў прыгатаваны гарачы абед ад гасіцнных гаспадароў росіцкай парафіі. 
 
Фота Аляксея Жылевіча