1 снежня ў Каталіцкім Касцёле распачнецца Адвэнт ‒ літургічны перыяд, у які ўваходзіць чатыры нядзелі і які з’яўляецца часам падрыхтоўкі не толькі да перажывання свята Божага Нараджэння, але і да другога прыйсця Пана. Як лепш перажыць гэты час? Спадзяёмся, што нашыя прапановы будуць для вас карыснымі.
 
1. Адшукаць сэнс Адвэнту
Для практыкуючага хрысціяніна гэты пункт можна апусціць. А некаторым ўсё ж варта нагадаць сабе сэнс Адвэнту і задацца пытаннямі: ці чакаю я сустрэчы з Богам? Ці ёсць месца Богу ў маім жыцці? Ці жыве Бог у маім сэрцы ці бачу Бога ў бліжнім? Адвэнт ‒ гэта добры час для пытанняў пра жыццё і пра наша ўласнае хрысціянства, а таксама добры час для працы над сабой.
 
2. Прыняць пастанову
Каб праца над сабой прынесла канкрэтны плён ‒ патрэбна дакладна акрэсленая задача: не стаць увогуле лепшым, але змяніць на лепшае штосьці канкрэтнае ў сваім жыцці. Варта паразважаць над сваімі адносінамі з Богам (можа, недастаткова малюся, не чытаў ніколі Біблію, не цікаўлюся духоўнай літаратурай, не ўдзельнічаю ў адвэнтавых рэкалекцыях) і адносінамі з іншымі (з бацькамі, дзецьмі, калегамі, выпадковымі людзьмі ў паліклініцы ці банку). 
 
Магчыма, менавіта для вас будзе карысна адмовіцца ці скараціць час прабывання ў сацыяльных сетках, інтэрнэт-сайтах, прагледжання ток-шоу і крымінальных серыялаў. А, можа, вам цяжка адмовіцца ад мясных страваў у пятніцу, ад сварак з мамай ці цешчай, ад абгаворвання іншых? Ці нарэшце настаў час прыйсці на ранішнія рараты, наведаць катэхезу для дарослых альбо прыйсці на ўборку касцёла?.. Пастановаў можна прыдумаць шмат, але, калі шчыра, то кожны лепш ведае сябе і сваё жыццё і пры жаданні абавязкова знойдзе тую частку духоўнага жыцця, у якой можна стаць яшчэ лепшым.
 
3. Чытаць Святое Пісанне
Не, гэта не зноў пра пастановы. Гэта пра тое, што немагчыма быць хрысціянінам, не ведаючы Божых законаў, Божага слова, не разважаючы над ім. Адвэнт ‒ гэта добры час узяць Біблію ў рукі і пазнаёміцца ў ёй з Тым, нараджэння каго мы чакаем. 
Пра тое, як лепш чытаць Біблію, можна азнаёміцца тут ˃˃˃
 
4. Удзельнічаць у Раратах
Гэта не толькі добрая пастанова, але і магчымасць вялікай працы над сабой і адчуванне сапраўднай атмасферы чакання Збаўцы. Ранішнія раратнія Імшы ‒ гэта прыгожая даўняя традыцыя Касцёла, якая праз шматлікія сімвалы дапамагае адчуць прыгажосць літургіі і атрымаць асалоду ад прадпрымання канкрэтных высілкаў. Да таго ж звычайна дзеці атрымліваюць заданне на раратах, чаму б і дарослым не выконваць іх?.. 
 
5. Добра падрыхтавацца да споведзі
Споведзь ‒ гэта не толькі важная частка працы над сабой, але перш за ўсё сакрамэнт: значыць момант, калі Бог хоча адарыць нас асаблівай ласкай і дарамі. Нельга зневажаць сакрамэнтам пакаяння і паяднання, прыступаючы да яго без належнай падрыхтоўкі. Як падрыхтавацца лепш? Прыгадаем парады ксяндза Станіслава Мжыглуда, змешчаныя на нашым сайце
 
6. Увесці сямейную традыцыю
Адвэнт і надыходзячае свята Божага Нараджэння напоўнены прыгожымі сімваламі: адвэнтавы вянок, раратнія ліхтарыкі, адвэнтавы каляндар, аплатак, стаенка, калядкі, вігілійная вячэра. Усе яны дапамогуць вашай сям’і разам добра падрыхтавацца да свята (нават самым малодшым яе членам) і перажыць яго ў Божай радасці. 
Адвэнтавы вянок можа дапамагчы нарэшце сабраць усю сям’ю разам на вячэрнюю малітву, а адвэнтавы каляндар ‒ заахвоціць сямейнікаў да супольнага чытання Бібліі, развучвання калядак ці набыцця падарунка патрабуючай асобе. Усе гэтыя традыцыі павінны ствараць атмасферу не мітусні, а супакою, любові і паразумення ў вашай сям’і.
(Дарэчы прыгожы Адвэнтавы каляндар з карыснымі заданнямі можна замовіць у інтэрнэт-краме kroplia.by).
http://kroplia.by/product/233
Больш падрабязна пра традыцыі Адвэнту можна пачытаць тут ˃˃˃ 
 
7. Адважыцца на «подзвіг»
І ў рэшце рэшт: Адвэнт ‒ добрая магчымасць для католіка выйсці з «зоны камфорту» і пачаць дзейнічаць. Пераадолець сябе, каб стаць добрым для бліжняга і падобным да Хрыста: не баяцца казаць пра сваю веру ў працоўным калектыве, накарміць галоднага (чалавека, а не толькі кацяня), з любоўю паглядзець на псіхічна хворых людзей, скласці ахвяраванне на лячэнне асоб, якія пакутуюць на анкалогію, зрабіць падарунак для сірот. Калі не ведаце патрабуючых асоб, то ў парафіяльным «Caritas», вам абавязкова падкажуць, што добрага можна зрабіць. 
Гэта толькі некалькі падказак для вас. Ведаем, што і вам ёсць чым падзяліцца з намі: уласным досведам плённага перажывання Адвэнту, яго традыцыямі ў вашай сям’і. Дасылайце нам вашыя сведчанні на электронны адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. і мы абавязкова змесцім іх на нашай парафіяльнай інтэрнэт-старонцы. 
Няхай час Адвэнту дапаможа вам адкрыць Бога і спазнаць Яго любоў і міласэрнасць.
Падрыхтавала Святлана Жылевіч