У суботу 23 лістапада ў кляштары сясцёр эўхарыстак адбылася гадзіна адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі ўсіх людзей, якія яшчэ не сустрэліся з Богам.
 
Ініцыятыва паходзіла ад арганізатараў Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, які адбудзецца ў Будапешце ў 2020 годзе. Падтрымаць такую малітву ў беларускіх каталіцкіх супольнасцях заахвоціў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі ад імя ўсіх біскупаў Беларусі.
 
Вось і ў кляштарнай капліцы, як і ў тысячах святыняў па ўсім свеце, напярэдадні ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, сёстры эўхарысткі і некалькі свецкіх асоб маліліся пра тое, каб самім і іншым убачыць Езуса, «Вобраз нябачнага Бога». Падчас адарацыі прысутныя спявалі, маліліся Вяночак да Найсвяцейшага Сакрамэнту і слухалі кароткія разважанні пра Эўхарыстыю Рамана Гуардзіні і Бэнэдыкта XVI.