1 лістапада браслаўская парафія разам з усім Паўсюдным Каталіцкім Касцёлам перажывала ўрачыстасць Усіх святых. Падчас святой Імшы ўдзень пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд нагадаў вернікам пра галоўную мэту жыцця кожнага хрысціяніна ‒ дасягненне святасці.
 
«Сучасны свет часта кажа хрысціянам: забудзьце пра навуку Хрыста, Ён быў Сынам Божым, а простым людзям дасягнуць святасці немагчыма, ‒ казаў ксёндз Станіслаў у гаміліі. ‒ Сённяшняя ўрачыстасць Усіх святых павінна ўмацаваць у нас перакананне, што не гэты свет, але Хрыстус кажа праўду. Бог ніколі не чакае ад людзей чагосьці немагчымага да выканання. Чакае ад нас, канешне, цяжкіх справаў, але не большых за нашыя сілы і магчымасці. Наслядоўванне Хрыста і жыццё паводле Яго вучэння магчыма для кожнага з нас. А сведчаць пра гэта гісторыі жыцця святых, якіх сёння мы ўзгадваем. Кім былі гэтыя людзі? Былі падобнымі да нас: мужчынамі, жанчынамі, дзецьмі; паходзілі з розных народаў, жылі ў розныя часы, выконвалі розныя пакліканні. Больш за 40 тысяч святых знаходзяцца ў афіцыйным спісе Хрыстовага Касцёла. Аднак жылі і жывуць на гэтым свеце мільёны людзей святых, пра якіх мы нічога не ведаем. А што дапамагло гэтым людзям быць святымі? Пра гэта Езус кажа ў Евангеллі: гэта былі людзі ўбогія духам, людзі, для якіх матэрыяльныя багацці не былі галоўнымі ў жыцці. Гэта былі людзі, якія прабачалі іншым, былі справядлівымі і змагаліся за гэтую справядлівасць для кожнага, былі міласэрнымі, чыстымі сэрцам, стараліся, каб у свеце панаваў мір, а дзеля Хрыста яны цярпелі і нават аддавалі жыццё». 
 
«Святасць ‒ гэта пакліканне кожнага з нас, ‒ працягваў пробашч.  «”Будзьце святымі, бо Я святы”, ‒ казаў Бог яшчэ ў Старым Запавеце. Пра тое, што мы пакліканы да святасці, нагадвае нам у Евангеллі Езус. Амаль у кожным пасланні заахвочвае да святасці апостал Павел ці святы Пётр. На жаль, часта сёння хрысціяне толькі ўсміхаюцца пры слове святасць, думаючы, што яе немагчыма дасягнуць. Аднак у кожным чалавеку крыецца туга па святасці (…). Быць святым ‒ значыць нягледзячы на свае слабасці, падняцца з іх і працаваць над сабой, кіруючыся Божым словам. Сёння, радуючыся хвалой усіх святых, будзем прасіць іх заступніцтва, каб і мы, рэалізуючы сваё пакліканне станавіліся святымі». 
 
Падрыхтавала
Святлана Жылевіч