Ва ўрачыстасць Усіх святых (1 лістапада) і ўспамін усіх памерлых вернікаў (2 лістапада) можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы, якія пакутуюць у чыстцы. Атрымаць поўны адпуст можна і на працягу актавы Успаміну ўсіх памерлых вернікаў ‒ з 1 па 8 лістапада.
 
Галоўныя дакументы Касцёла — Кодэкс Кананічнага Права (канон 992) і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (нум. 1471) — акрэсліваюць адпуст як Божае прабачэнне часовых караў за наступствы раней адпушчаных грахоў. Адпуст можа атрымаць толькі хрысціянін праз пасрэдніцтва Касцёла, бо менавіта Касцёл, як распарадчык пладоў адкуплення, раздзяляе іх і на¬дзяляе вернікаў дарамі ўміласціўлення Хрыстовай Ахвяры і заслугаў святых.
 
Важна разумець, што, калі гаворка ідзе пра адпуст, то яна датычыць не адпушчэння грахоў, а толькі пакарання за іх наступствы. Ад грахоў чалавек вызваляецца ў сакрамэнце споведзі, а ад пакарання за наступствы грахоў можна вызваліцца, выканаўшы ўмовы адпусту. 
 
Першапачаткова адпуст удзяляўся перадусім паміраючым, якім Касцёл імкнуўся дапамагчы сустрэцца з Богам поўнасцю вызваленым і як ад саміх грахоў, так і ад пакарання за іх наступствы. Усведамленне таго, што памерлыя ня¬суць адказнасць за наступствы сваіх грахоў і ўсведамленне пагрозы часовага пакарання ў чыстцы спрыяла пашырэнню практыкі ахвяравання ласкі адпусту за памерлых, а ў сувязі з тым, што накладанне «пакуты» часта вымяралася колькасцю дзён пакаяння або забаронаю прабывання ў святым месцы, і сам адпуст (ласку памілавання) пачалі вымяраць месцам і часам.
 
Развіццё пабожнасці вернікаў прывяло да таго, што Касцёл на афіцыйным узроўні ўсё больш пашыраў магчымасць атрымання ласкі адпусту, звязваючы гэта з адпаведнымі духоўнымі практыкамі, наведваннем святых мясцінаў і да т.п. Аднак заўсёды падкрэслівалася, што адпуст ніколі не можа замяніць сакрамэнту споведзі, бо ён не мае моцы прабачэння грахоў, а толькі з’яўляецца кампенсацыяй за іх наступствы.
 
Поўнае альбо частковае адпушчэнне кары за грахі, звязана з выкананнем пэўных умоваў. Для атрымання адпусту трэба быць у стане ласкі:  прыняць святую Камунію, быць вольным ад  усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, прачытаць малітву ў інтэнцыях Святога Айца: Ойча наш... Вітай, Марыя... і Веру ў Бога... і наведаць могілкі.