У перыяд святаў Усіх святых і Усіх памерлых вернікаў Касцёл заахвочвае не толькі маліцца за блізкіх памерлых асоб, але і разважаць над уласным жыццём у прызме святасці. Што кажа Касцёл пра смерць і вечнасць? Адказы знаходзім у Катэхізісе для моладзі ‒ «Youcat па-беларуску».
 
Што адбываецца з намі, калі мы паміраем?
У хвіліну смерці цела і  душа аддзяляюцца адно ад другога. Цела раскладаецца, у той жа час душа ідзе насустрач Богу і чакае, каб у дзень Апошняга Суда зноў з’яднацца са сваім уваскрослым целам. [992-1004, 1016-1018]
 
Тое, як будзе адбывацца ўваскрашэнне нашага цела, з’яўляецца таямніцай. Прыняць гэта нам дапаможа такі вобраз: гледзячы на цыбуліну цюльпана, мы не здольныя распазнаць, у якую цудоўную кветку разаўецца яна ў цёмнай зямлі. Гэтак жа мы не ведаем нічога пра будучы выгляд нашага ўваскрослага цела. Аднак св. Павел упэўнены: «Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе» (1Кар 15, 43а).
 
Ці станем мы перад судом пасля смерці?
Суд, які называецца падрабязным або таксама асабістым, адбываецца ў хвіліну смерці кожнага чалавека. Паўсюдны Суд, якм называюць таксама Апошнім або Страшным, адбудзецца ў апошні дзень, гэта значыць напрыканцы свету, падчас паўторнага прыйсця Пана. [1021-1022]
 
Паміраючы, кожны чалавек аказваецца тварам у твар з праўдаю. Цяпер нішто ўжо не можа быць прыглушана і схавана, нічога ўжо нельга змяніць. Бог бачыць нас такімі, якія мы ёсць. Мы стаім перад Яго судом, на якім усё, што гаворыцца і робіцца, ‒ правільна. Магчыма, мы будзем павінны яшчэ прайсці працэс ачышчэння, магчыма, адразу зможам аказацца ў Божых абдымках. А магчыма, мы настолькі перапоўненыя злосцю, нянавісцю і непрыманнем усяго, што назаўсёды адвернем свой твар ад любові, ад Бога. Але жыццё без любові ‒ гэта нішто іншае, як пекла.
 
Чаму мы верым ва ўваскрашэнне памерлых?
Біблійнае слова «цела» характарызуе чалавека ў яго слабасці і смяротнасці. Аднак Бог не разглядае чалавечае цела як нешта непаўнавартаснае. У Езусе Хрысце Бог сам прыняў цела, каб адкупіць чалавека; Ён адкупіў яго цалкам, з целам і душой. [988-991, 997-1001, 1015]
 
Бог стварыў нас з целам і душой. Ён не дазваляе целу, як і ўсяму стварэнню, у канцы свету проста знікнуць, не кідае яго, як старую цацку. У «апошні дзень» Ён уваскрасіць нас у целе ‒ гэта значыць, мы будзем адноўленыя, але ўсё ж будзем адчуваць сябе ў сваёй роднай стыхіі. Таксама і для Езуса прабыванне ў целе не было проста эпізодам. Калі Уваскрослы з’явіўся вучням, яны бачылі раны на Ягоным целе.
 
Што такое вечнае жыццё?
Вечнае жыццё пачынаецца ў хвіліну хросту. Яно працягваецца праз смерць і не будзе мець канца. [1020]
 
Калі мы закаханыя, нам хочацца, каб гэты стан ніколі не мінаў. «Бог ёсць любоў», ‒ сказана ў Першым пасланні св. Яна (1 Ян 4, 16). «Любоў, ‒ гаворыцца ў Першым пасланні да Карынцянаў, ‒ ніколі не мінае» (1 Кар 13, 18). Бог вечны, таму што Ён ёсць любоў; і любоў вечная, таму што яна Боская. Калі мы прабываем у любові, то ўваходзім у вечную Божую прысутнасць. 
 
У чым заключаецца неба?
Неба ‒ гэта адно бясконцае імгненне любові. Нішто ўжо не аддзяляе нас ад Бога, якога любіць нашая душа і якога яна шукала ўсё жыццё. Разам з усімі анёламі і святымі мы можам цешыцца Богам і разам з Богам. [1023-1026, 1053]
 
Хто назірае за парай закаханых, якія з любоўю глядзяць адно на аднаго; хто бачыць дзіця, якое падчас кармлення шукае вочы сваёй маці, нібыта хоча назаўсёды захаваць у сабе кожную яе ўсмешку, ‒ той атрымлівае аддаленае ўяўленне пра неба. Мець магчымасць сузіраць Бога тварам у твар, ‒ гэта адзінае бясконцае імгненне любові.
 
Што такое чысцец?
Чысцец, які часта ўяўляюць як месца, з’яўляецца станам. Хто памірае ў Божай ласцы (г. зн. паяднаўшыся з Богам і людзьмі), але яшчэ мае патрэбу ў ачышчэнні перад тым, як зможа бачыць Бога тварам у твар, ‒ той знаходзіцца ў чыстцы. [1030-1031]
 
Калі Пётр здрадзіў Езусу, Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра; Пётр, «выйшаўшы вонкі, горка заплакаў», ‒ гэта пачуццё, як у чыстцы. І такі чысцец напэўна чакае большасць з нас у хвіліну смерці: Пан паглядзіць на нас з любоўю ‒ і мы адчуем палаючы сорам і балючы жаль за свае дрэнныя або «ўсяго толькі» абыякавыя паводзіны. І толькі пасля гэтага ачышчальнага болю мы будзем здольныя сустрэць поўны любові позірк Бога ў неазмрочанай нябеснай радасці.
 
Ці можам мы дапамагчы памерлым, якія знаходзяцца ў стане чыстца?
Так, паколькі ўсе ахрышчаныя ўтвараюць у Хрысце супольнасць і звязаны паміж сабою, то таксама жывыя могуць лапамагчы душам памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы. [1032]
 
Калі чалавек памірае, ён ужо нічога не можа зрабіць для сябе. Час актыўнага выпрабавання мінуў. Але мы можам нешта зрабіць для памерлых у чыстцы. Нашая любоў дасягае таго свету. Праз нашыя пасты, малітвы, добрыя ўчынкі, але перад усім праз цэлебрацыю святой Эўхарыстыі мы можам выпрасіць для памерлых ласку.
 
У чым заключаецца пекла?
Пекла ‒ гэта стан вечнага адлучэння ад Бога, абсалютная адсутнасць любові. [1033-1037]
 
Хто памірае, застаючыся свядома і цалкам дабравольна ў смяротным граху, без жалю за яго, і назаўсёды адмаўляецца ад міласэрнай Божай любові, якая гатова ўсё прабачыць, той сам сябе выключае з еднасці з Богам і святымі. Нашая свабода робіць магчымым прыняцце такога рашэння. Езус зноў і зноў перасцерагае нас перад канчатковым адлучэннем ад Яго праз тое, што мы закрываемся на патрэбы Яго братоў і сёстраў: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя (…). Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне» (Мц 25, 41.45).
 
Але калі Бог ёсць любоў, то як тады можа існаваць пекла?
Не Бог асуджае чалавека на пекла. Гэта робіць сам чалавек, які адмаўляецца ад міласэрнай Божай любові і дабравольна выбірае (вечнае) жыццё, у якім ён пазбаўляе сябе аднасці з Богам. [1036-1037]
 
Бог прагне еднасці нават з апошнім грэшнікам; Ён жадае, каб усе навярнуліся і былі збаўленыя. Але Бог стварыў чалавека свабодным і з павагаю ставіцца да яго рашэнняў. Нават Бог не можа прымусіць да любові. Як любячы Ён аказваецца «бяссільным», калі нехта выбірае замест неба пекла.
 
Што такое Апошні або Страшны Суд?
Апошні або Страшны Суд адбудзецца напрыканцы часоў, пры паўторным прыйсці Хрыста. «І выйдуць, хто чыніў дабро, каб уваскрэснуць для жыцця, а хто рабіў зло, каб уваскрэснуць для асуджэння» (Ян 5, 29). [1038-1041, 1058-1059]
 
Калі Хрыстус зноў прыйдзе ў хвале, на нас сыдзе ўсё Яго святло. Выявіцца праўда: нашыя думкі, нашыя ўчынкі, нашыя адносіны да Бога і да людзей ‒ нішто ўжо не будзе ўкрыта. Мы пазнаем канчатковы сэнс стварэння і нарэшце атрымаем адказ на пытанне: чаму зло можа быць такім магутным, калі Бог усемагутны? Апошні Суд ‒ гэта таксама дзень судовай адплаты для нас. Тут вырашыцца, будзем мы ўваскрэшаны для вечнага жыцця ці будзем назаўсёды адлучаныя ад Бога. У адносінах да тых, якія выбралі жыццё, Бог яшчэ раз здзейсніць стваральны акт. У «новым целе» (пар. 2 Кар 5) яны будуць назаўсёды жыць у Божай хвале і ўсхваляць Яго целам і душой.
Крыніца: «Youcat па-беларуску. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла для моладзі»; Мінск, «Про Хрысто», 2019.