18 кастрычніка Каталіцкі Касцёл адзначаў успамін святога Лукі, евангеліста, імя якога носіць капліца ў Цэнтральнай раённай бальніцы Браслава. У гэты дзень медпрацаўнікі і пацыенты сабраліся на святой Імшы, каб маліцца праз заступніцтва святога апекуна лекараў і разважаць над яго асобай.
 
Святы Лука, які з’яўляецца аўтарам трэцяга Евангелля і Дзеяў Апосталаў, паходзіў з Сірыі. Па прафесіі ён быў лекарам, пра што гаворыцца ў лісце св. апостала Паўла да Каласянаў. Лука, выхаваны ў паганстве, быў, хутчэй за ўсё, навернуты апосталам Паўлам і быў яго спадарожнікам на працягу 17 гадоў аж да самай смерці Апостала народаў. Пасля гэтага жыццё і дзейнасць Лукі праходзілі ў Грэцыі, дзе былі напісаныя яго Евангелле і Дзеі апосталаў і дзе евангеліст памёр натуральнай смерцю ва ўзросце 84 гадоў. Святы з’яўляецца апекуном лекараў, мастакоў і хрысціянскага мастацтва.
 
Урачыстую святую Імшу ў бальнічнай капліцы цэлебраваў ксёндз Адам Квяткоўскі SDS, а гамілію прамовіў ксёндз Славамір Самковіч, пробашч у Пагошчы. Святар разважаў над думкай пра тое, што часта людзей Божых, святых мінулых стагоддзяў і сучасных хрысціянаў лічуць не такімі як усе. І гэта так ёсць, бо яны жывуць каштоўнасцямі не гэтага свету, але Божымі. Хворыя таксама не такія як усе. Праўда, у хваробе многія губляюць веру. «Але той, хто вытрывае ў веры даканца, будзе збаўлены», ‒ адзначыў ксёндз Славамір.
 
«Нашыя з вамі хваробы як і іх лячэнне, ацаленне ‒ гэта выклік, на які мы адкажам альбо не. Гэта як добрая малітва, якая заўсёды дае канкрэтны вынік, гэта як наша з вамі жаданне ўмець любіць сапраўднай хрысціянскай любоўю. Бо ўсё пачынаецца з любові да Бога і да гэтага свету (...) Няхай ваша сённяшняя ўрачыстасць будзе добрым фундаментам веры, а святы Лука евангеліст будзе прыкладам святога, які не быў спачатку праведным, але ішоў шляхам, якім вёў Бог», ‒ адзначыў святар.
 
Капліца ў Цэнтральнай раённай бальніцы Браслава была асвечана 5 красавіка 2008 года. Вось ужо больш за 10 гадоў яе дзверы заўсёды адчыненыя, каб кожны хворы мог памаліцца тут пры Хрысце, утоеным у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Святыя Імшы адбываюцца кожную нядзелю і ў святы ў 16.30.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч