Як мы пісалі раней, вось ужо напрацягу некалькі гадоў раз на тыдзень сёстры эўхарысткі праводзяць сустрэчы ў Цэнтры дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На гэты раз такая сустрэча адбылася ў нашым касцёле і ў абноўленай катэхетычнай зале.
 
Як адзначыла сястра Кацярына Папакуль SJE, традыцыйна іх сустрэчы распачынаюцца малітвай адной таямніцы ружанца ва ўласных інтэнцыях. Так было і на гэты раз, толькі спачатку ксёндз Адам Квяткоўскі прывітаў усіх прысутных і распавёў пра гісторыю цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. У сустрэчы прынялі ўдзел 17 чалавек, сярод іх былі не толькі католікі, але і асобы іншых канфесій.
 
Затым сустрэча працягнулася ў катэхетычнай зале – святліцы. Прысутныя спявалі песні праслаўлення Бога разам з арганісткай парафіі Іннай Сапун, а затым глядзелі мультфільм пра Апошнюю вячэру. І, канешне, абавязковай часткай сустрэчы былі размовы пры стале за кубкам гарбаты. 
 
Такія сустрэчы даюць магчымасць удзельнікам даведацца штосьці новае, паразважаць над духоўным аспектам свайго жыцця і паразмаўляць аб штодзённых праблемах і перажываннях. Для некаторых з іх сустрэча ў нашай парафіі дапамагла змяніць будзённую абстаноўку і атрымаць прыемныя ўражанні.
Святлана Жылевіч