У нашай парафіі набажэнства, прысвечанае малітве на ружанцы, будзе адбывацца ад панядзелка да суботы ў 18.30. Шчыра запрашаем знайсці час сярод будзённых спраў і прысвяціць яго малітве.
 
Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – гэта малітва, спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з’явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш, адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканаў Алана дэ Рупэ і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі. Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім запрасіў нанава адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, прысвечанымі публічнай дзейнасці Хрыста.
 
А вось чаму менавіта кастрычнік прысвячаецца ружанцовай малітве? Гісторыя сягае  ў  ХVI ст., калі Еўропе пагражалі мусульмане, Папа Рымскі Пій V, заўважыўшы пагрозу, прапанаваў вернікам маліцца на Ружанцы.  Дзякуючы Заступніцтву Найсвяцейшай Маці, як лічыў святы Папа, хрысціянскія войскі 7 кастрычніка 1571 года атрымалі перамогу над туркамі ў марской бітве пад Лепанто. Дзеля ўшанавання памяці аб гэтай падзеі Святы Айцец устанавіў у 1572 г. свята Маці Божай Пераможнай, гэты дзень прыпадае менавіта на 7 кастрычніка. А ў 1573 годзе яго наступнік, Грыгорый XIII, называе гэтае свята святам Маці Божай Ружанцовай. У кастрычніку Ружанцовая малітва становіцца  таксама  літургічнай малітвай Касцёла, Ружанец звычайна чытаецца разам са святаром перад  Езусам Хрыстом, выстаўленым у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Паводле каталіцкіх інтэрнэт-крыніц