Сама па сабе здольнасць бачыць будучыню або чэрпаць адкрыцці з іншага свету не мае ў сабе чаго-небудзь немагчымага. Пытанне ў тым, хто ж менавіта адкрывае.
У Евангеллі мы сустракаем дзіўную сітуацыю. Апосталы яшчэ сумняваліся ў Хрысце, як Месіі, а апантаныя ужо крычалі: «Ты Хрыстус, Сын Божы!» (Лк.4: 41). Так цёмныя духі праз падуладных ім людзей абвяшчалі, мабыць, праўду і ісціну. Ці гэта азначае, што трэба было ім верыць?
 
Але сам Пан «забараняў ім і не дазваляў ім казаць, бо яны ведалі, што Ён Месія» (Лк 4, 41). «Змоўкні і выйдзі з яго!» (Мк 1, 25), - звычайна казаў Ён таму, які вяшчае з дапамогай апантанага чалавека. Збаўца не жадаў, каб ісціна абвяшчалася нячыстымі вуснамі, як сказана ў Святым Пісанні, «непрыемная пахвала ў вуснах грэшніка, бо не ад Госпада паслана яна» (Сір 15, 9). Бо цёмныя сілы, карыстаючыся даверам людзей, абавязкова прымяшаюць да ісціны хлусню.
 
У кнізе Дзеяў Апосталаў апісваецца вельмі павучальная гісторыя, якая наглядна паказвае прыроду празорлівасці. Гаворка ідзе пра адну місійную вандроўку апостала Паўла, калі ён прыйшоў у горад Філіпы. Паўлу спадарожнічаў евангеліст Лука, які і вядзе апавяданне ад першай асобы: «Калі мы ішлі на малітву, нам сустрэлася адна служанка, якая мела духа прадбачання і прадказаннямі здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі.» (Дз 16: 16). Тут ясна сказана, што апантанасць можа праяўляцца і ў прыгожай форме, прадраканнямі, гэта значыць у прадбачанні. «Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала: “Гэтыя людзі – слугі Найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць нам шлях збаўлення.” Так рабіла яна шмат дзён» (Дз, 16, 17-18). Як жа рэагуе святы апостал? «Павел, раззлаваўшыся, павярнуўся і сказаў духу: “У імя Езуса Хрыста загадваю табе выйсці з яе.” І той адразу выйшаў» (Дз 16, 18). Святы апостал адназначна спыняе празорлівасць дзеля свабоды як сваёй гаміліі, так і апантанага чалавека ад злога духа. Вынікам стала ганенне на Паўла з боку гаспадароў празорлівай служанкі, якія з гэтага часу страцілі даход ад яе прароцтваў. Зрэшты, гэта было куды лепш, чым прыняцце дэманскай паслугі.
 
Такім чынам, з тэксту Святога Пісання відаць, што прадказанні могуць зыходзіць ад дэманаў. Пры гэтым важна ўлічыць, што дэманы, у адрозненні ад анёлаў, не ведаюць сапраўднай будучыні чалавека. Бо анёлам будучыню можа адкрыць Бог, а дэманам недаступна святло Духа Святога. Стала быць, дэманы не могуць сапраўды прадказваць і прарочыць. Але злыя духі, па самой сваёй прыродзе, валодаюць больш тонкім інтуітыўным чуццём, выдатна ведаюць чалавечую псіхалогію і ўчынкі, яны бачаць жыццёвую сітуацыю, ўмеюць будаваць лагічныя здагадкі аб наступствах, таму цёмныя духі не столькі прадбачаць, колькі аналізуюць магчымую будучыню чалавека, паведамляюць гэта спірыту або вяшчуну, а той перадае свайму наведвальніку. Акрамя таго, яны могуць прадказваць тое, што потым самі будуць рабіць сваім цёмным уплывам.
 
Зварот да астролагаў, прадказальнiкаў, хірамантаў празорцаў і т.п. звязаны з той распаўсюджанай памылкай, што будучыня разглядаецца як загадзя прапісаная, гатовая гісторыя. Будучыня прыпадабняецца тэксту, запячатанаму ў канверт, які не адчыняецца звычайнаму чалавеку, але які можна прачытаць з дапамогай таемных ведаў, - як бы прыадчыніць канверт і падгледзець, што там. На самай жа справе карціна нашага быцця зусім іншая. Будучыня не вядома не таму, што мы яе не можам прачытаць, а таму, што яна пішыцца штодзённым жыццём. Чалавек надзелены вольнай воляй, а калі ён вольны ў сваіх дзеяннях, няма строга прапісанай будучыні. Вядома, Бог прыадчыняе нешта з будучыні людзей, але гэта звязана не з тым, што Бог падрыхтаваў людзям загадзя нязменны лёс, а таму, што Ён вышэйшы і мудрэйшы ад нас і нашага абмежаванага свету, і Яго усёпранікальнаму позірку адкрыты глыбіні нашых сэрцаў, нашыя свабодныя рашэнні і жаданні. Такім чынам, Бог ведае, якога чалавека паклікаць да пэўнага жыццёвага шляху. Ёсць Божы план для кожнага з нас, але рэальны лёс складаецца з нашых асабістых узаемаадносін з Божым Провідам, адказам на Божы заклік ці нежаданнем адгукацца і Божых спробаў прывесці нас да збаўлення. Усё гэта і стварае наш далейшы жыццёвы шлях.
Многія людзі, на жаль, знаходзяцца ў памылковым становішчы. Ім цікава даведацца будучыню, тады як цяперашні час ужо не цікавы. Сутнасць гэтага ў тым, што чалавек рассейвае сябе на грахі, разнастайныя марныя справы, таму ў гэтым не адчувае паўнаты жыцця, а ў будучыні ён пакладае хоць нейкую надзею на поспех і таму загадзя хоча зазірнуць туды. А звяртаць свой позірк трэба, перш за ўсё, да Бога, у руках Якога і цяперашні час чалавека і яго будучыня, і нават мінулае: за пакаянне ў мінулых грахах Бог іх адпушчае, уладкоўваючы тым самым для чалавека самую лепшую будучыню і робячы больш шчаслівым цяперашні час.
 
С. Ганна Мізавец,
часопіс «Наша парафія» №7