1 верасня, Дзень ведаў, выпаў сёлета на нядзелю. І ў гэты дзень у нашай парафіі вернікі маліліся ў інтэнцыі школьнікаў, настаўнікаў і катэхетаў аб духоўныя плёны новага навучальнага года.
 
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі  ксёндз Станіслаў Мжыглуд заахвоціў прысутных маліцца ў інтэнцыі вучняў, настаўнікаў, выхавацеляў і студэнтаў ‒ усіх тых, для каго з прыходам восені распачынаецца актыўная праца засваення ведаў. У гаміліі святар заахвоціў памятаць, што галоўны настаўнік у нашым жыцці ‒ гэта Езус Хрыстус, і ў Яго належыць вучыцца. Асабліва варта прасіць Бога аб пакоры, якая не надта папулярная ў сучасным свеце, але з’яўляецца вельмі патрэбнай цнотай для хрысціяніна. 
 
Напрыканцы Імшы адбылося благаслаўленне настаўнікаў і выхавацеляў і асвячэнне школьных прыналежнасцяў. У хуткім часе распачнецца і катэхетычны год, цяпер трывае запіс дзяцей і дарослых на катэхезы. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч