24 жніўня ў Мёрах адбылася сустрэча для моладзі «Танцуй для Яго». Удзел у ёй прынялі 5 асоб з нашай парафіі, а таксама з Полацка, Друі, Ліды, Барысава і Магілёва. Мэта такой сустрэчы ‒ праслаўляць Бога танцамі, якія вельмі любяць маладыя людзі.
 
Сустрэча працягвалася адзін дзень, але праграма была вельмі насычанай. Распачалася сустрэча святой Імшой, якую цэлебраваў душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі кс. Алег Хмылко. Пасля быў час, калі вучыліся праслаўляць Бога сваімі танцамі. Некаторыя танцы былі ўжо знаёмыя, іншыя трэба было вучыць. Каб трошкі адпачыць і задумацца над месцам маладых людзей у Касцёле была канферэнцыя, а пасля яе праца ў групах, дзе кожны мог пачуць голас сяброў пра жыццё моладзі ў сваіх парафіях. Кожны мог падзяліцца сваім досведам, а таксама выказаць цяжкасці. Праца ў групах заўсёды добрая нагода, каб атрымаць натхненне на актыўнасць у жыцці парафіі.
 
Пасля смачнага абеду быў час адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым аніматары падрыхтавалі цікавую забаўляльную праграму, падчас якой можна было адпачыць і добра павесяліцца. Кульмінацыяй сустрэчы стаў канцэрт гурта «Quo Vadis» і танцы праслаўлення. 
 
Фота: Дзіяна Мітрафанава
Тэкст паводле catholicnews.by