Падчас урачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў у нашым касцёле будзе змешчана выстава юных мастакоў Браслаўшчыны. Аўтары прац – удзельнікі мастацкага пленэру пад кіраўніцтвам педагогаў-мастакоў Галіны і Міхаіла Ставіцкіх.
Пленэр «Браслаўская вясёлка» ‒ гэта ўжо добрая шматгадовая традыцыя творчай сям’і Ставіцкіх для маладых таленавітых мастакоў. Сёлета ён быў арганізаваны для старэйшых школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў мастацкіх і архетэктурных спецыяльнасцяў, ‒ усяго 8 асоб. Мастацкі лагер быў прысвечаны тэме вострава Манастыр, на якім праходзілі раскопкі базыліянскага манастыра, дзе ў свой час захоўваўся абраз Маці Божай Браслаўскай. Юнакі і дзяўчаты сачылі за ходам раскопак, размаўлялі з цікавымі асобамі: гісторыкамі, краязнаўцамі, археолагамі і валанцёрамі. Там рабілі замалёўкі, эцюды. А потым ужо на іх аснове стваралі больш сур’ёзныя працы.
 
«Звычайна мы бяром нетрадыцыйную падачу прац, змешаныя тэхнікі, каб гэта не было ў традыцыйным разуменні проста малюнак, ці проста жывапісная праца. Гэта праца з сюжэтам, ‒ падзялілася з намі спадарыня Галіна. ‒  Мы даём удзельнікам пленэру тэму і на працягу некаторага часу яны атрымліваюць пэўныя ўражанні, набіраюцца адзін у аднаго вопыту і ў выніку выдаюць амаль завершаныя сур’ёзныя працы. Звычайна ў кожнага атрымліваецца па адной-дзве працы».
 
На выставе прадстаўлены працы ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і нават макет манастыра. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч