Напярэдадні Урачыстасці Унебаўзяцця Маці Божай, 14 жніўня, свае манаскія шлюбы аднавілі сёстры Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі Іна Амельчанка і Кацярына Папакуль. 
Яны абяцалі яшчэ год пражыць у чыстасці, убогасці і паслухмянасці падчас Літургіі, што адбылася ў капліцы кляштара ў Браславе. Шлюбы былі складзеныя на рукі Настаяцельніцы Дэлегатуры сястры Антаніны Багдановіч.
 
Літургію ўзначаліў ксёндз пробашч санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў Станіслаў Мжыглуд. Гамілію да сясцёр прамовіў кс. Анджэй Бочар. Ён павіншаваў іх з аднаўленнем шлюбаў, пажадаў моцы на шляху манаскага служэння. Асаблівым чынам кс. Анджэй падкрэсліў неабходнасць навучыцца не толькі верыць у Бога, але – верыць Богу. Гэта значыць, давяраць Яму сваё жыццё, ісці за Ім, спадзявацца на Яго і служыць Яму гэтак жа самаахвярна і аддана як святы Максімільян Кольбэ, чый успамін адзначаўся 14 жніўня.
 
“Часам вам можа здавацца, што на вашым шляху служэння вы зусім адны, але гэта не так. У часы, калі вы адчуваеце сябе адзінока, памятайце, што з вамі Бог, які любіць вас. Заўжды. Давярайце і верце Яму”, — звярнуўся да сясцёр кс. Анджэй Бочар.
 
Ён падарыў сёстрам Іне і Кацярыне малітву Езуса “Ойча наш” на драўляных шыльдачках, каб яна заўжды была перад вачыма, разам з ксяндзом Станіславам памаліўся за новыя пакліканні да Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі і блаславіў усіх прысутных на Літургіі.
 
Павіншаваць сясцёр, якія служаць у Браславе, прыехалі сёстры з Астраўца, Друі і Слабодкі.
 
Ася Паплаўская