На гэтым тыдні ў нашай парафіі праходзіць летняя школа касцёльнага спеву. У ёй займаюцца харысты і кантары рознага ўзросту не толькі з Браслава, але і з іншых гарадоў Беларусі. Сёлета ўдзельнікаў больш за 100 чалавек.
 
Як адзначыла ініцыятар школы касцёльнага спеву арганістка браслаўскай парафіі Інна Сапун, ідэя заняткаў досыць зразумелая ‒ навучыць людзей спяваць у касцёле. А спеў у святыні, вядома, павінен быць на належным узроўні і адпавядаць месцу. 
 
Калектыў выкладчыкаў узначальвае дацэнт кафедры аргана Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Неўдах. На занятках спецыялісты займаюцца пастаноўкай голасу для харыстаў і кантараў, знаёмяць з тэорыяй і гісторыяй касцёльнага спеву, навучаюць песням для выканання ў хоры.
 
«У школе спеву цалкам (з раніцы да вечара) я ўдзельнічаю трэці год, ‒ падзялілася з намі верніца браслаўскай парафіі Інэса Угарынка. ‒ Заняткі мне даюць шмат: разнастайныя практыкаванні з дыханнем, развіваецца голас, выкладчыкі даюць азы, неабходныя для валодання голасам і для спеву ў касцёльным хоры. Напрацягу дня ёсць групавыя і індывідуальныя заняткі. Мы, часам, бываем стомленыя, але вельмі задаволеныя такой працай». 
 
«Мне вельмі падабаецца спяваць у касцёле, праслаўляць Бога, таму што песня ‒ гэта таксама своеасаблівая малітва, узнясенне да Бога сваіх просьбаў, ‒ адзначае 12-гадовая ўдзельніца Эліна Пілат. ‒ У школе спеву нас вучаць спяваць больш прафесійна, правільна, каб наш спеў-малітва гучаў больш прыгожа».
 
Кульмінацыяй і своеасаблівым вынікам тыдня заняткаў з’яўляецца спеў падчас галоўнай святой Імшы ва ўрачыстаць Маці Божай Валадаркі Азёраў. Разам з удзельнікамі школы вернікі і пілігрымы будуць праслаўляць Бога спевам-малітвай. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Алена Каспаровіч