3 жніўня ў касцёле вёскі Удзела адбылася другая агульнадыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка». Удзел у малітве прынялі вернікі з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Германавіч, Дзеркаўшчыны і Удзела, а таксама з нашай парафіі, дзе існуюць два малітоўных кола гэтага руху.
 
Сутнасцю апостальскага руху «Маргарытка» з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтнага святара альбо законную сястру. У руху «Маргарытка» ўсё павінна быць простым і шчырым: той, хто свядома ўключыўся ў гэткую форму апекі, ахвяруе на працягу свайго жыцця адзін дзень у тыдзень у інтэнцыі выбранага святара альбо законнай сястры, асабліва памятаючы пра гадавіну святарскіх пасвячэнняў альбо законых шлюбаў. У Браславе існуюць два малітоўных кола гэтага руху: вернікі моляцца за пробашча парафіі ксяндза Станіслава Мжыглуда і за біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, які, як вядома, паходзіць з нашай парафіі. 
 
Агульнадыяцэзіяльная сустрэча распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовай малітвай першай суботы месяца. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Як паведамляе сatholicnews.by, ардынарый прывітаў удзельнікаў такой неабходнай малітвы, якая сваёй моцай праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі падтрымлівае святароў. 
 
«У гэтай малітве, якую скіроўваем да Бога праз заступніцтва Маці Божай просім аб трываласці на дарозе, на якую стаў малады чалавек, і каб тыя, хто адказаў Богу “так” на гэты заклік, маглі на гэтай дарозе вытрываць, але не проста вытрываць, а быць добрымі распарадчыкамі Божых таямніц. Бо свет сёння вельмі небяспечны для душы чалавека», ‒ адзначыў біскуп.
 
Пасля Імшы для прысутных адбылася канферэнцыя на тэму сутнасці святарства і яго разуменні згодна з навучаннем Касцёла.
Паводле сatholicnews.by