2–3 жніўня ў Росіцы адбылася юбілейная малітоўная сустрэча, прысвечаная 20-й гадавіне беатыфікацыі мучанікаў Юрыя і Антонія. Удзел у начных набажэнствах прынялі і вернікі нашай парафіі пад духоўнай апекай ксяндза Адама Квяткоўскага SDS.
 
Падчас урачыстасцяў святыня ў Росіцы была абвешчана санктуарыем благаслаўлёных пакутнікаў з Росіцы Віцебскай дыяцэзіі. Сюды прыбылі і пешыя пілігрымы, каб разам маліцца праз заступніцтва благаслаўлёных мучанікаў. Вернікі з Браслава ўдзельнічалі ў святой Імшы апоўначы, спевам якую упрыгожыў хор браслаўскай парафіі. Браслаўчане маліліся ў працэсіі на пляц мучаніцтва і падчас адарацыі крыжа, удзельнічалі ў малітве Крыжовага шляху. 
 
Даведка: 16 лютага 1943 года распачалася карная акцыя супраць насельніцтва вёсак, размешчаных уздоўж лесу каля Дзвіны. Выгнаўшы людзей з дамоў, фашысты сагналі іх у росіцкі касцёл. Айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адразу накіраваліся да вязняў, сярод якіх былі і католікі, і праваслаўныя. Яны спавядалі, удзялялі святую Камунію, намашчалі святым алеем, хрысцілі, прамаўлялі да людзей, дадаючы ім адвагі, заахвочвалі прыняць Божую волю, рыхтавалі вернікаў да смерці. Нацысты давалі магчымасць святарам пакінуць месца згубы, але айцы прынялі рашэнне заставацца са сваімі парафіянамі.Мужныя пастыры прынялі мучаніцкую смерць у агні палаючага касцёла разам з даручаным ім людам Божым, аддаючы сваё жыццё за авечак і не жадаючы пакінуць іх аж да смерці.
Тэкс: Святлана Жылевіч
Фота: Аляксей Жылевіч