У пятніцу 16 жніўня падчас галоўных урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў вернікі і пілігрымы змогуць спажываць мясныя стравы. 
 
Такое рашэнне было прынята падчас 74-га пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.  
 
Вернікі, якія будуць карыстацца дыспенсай (дазволам на спажыванне мясных страваў), павінны памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.
 
У сакавіку біскупы Беларусі абмеркавалі і прааналізавалі кананічную норму, сфармуляваную ў каноне 1251 ККП ад 1983 г. «Аб днях пакаяння», а канкрэтна аб устрыманні вернікамі ад спажывання мясных страваў у пятніцу падчас актавы Нараджэння Пана.
 
На падставе канона 87 § 1 члены ККББ прынялі рашэнне аб удзяленні вернікам Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі ККББ дыспенсы ад устрымання ад спажывання мясных страваў для асобаў, старэйшых за 14 гадоў, у пятніцу падчас актавы Нараджэння Пана і ў пятніцу падчас галоўных урачыстасцяў Маці Божай Будслаўскай, Браслаўскай, Лагішынскай і Тракельскай.
 
Паводле Catholic.by