На гэтым тыдні свае рэкалекцыі ў нашай парафіі мелі 20 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 12 гадоў. Ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі падрыхтаваў для моладзі не толькі канферэнцыі і малітвы, але і шматлікія экскурсіі і майстар-класы.
 
Так у першыя два дні рэкалекцый падлеткі гасцілі ў сальватарыянскай парафіі Святога Духа ў Віцебску. Акурат у гэтыя дні праходзіць фестываль «Славянскі базар», таму моладзь у вольны час змагла пашпацыраваць па святочнаму гораду. Пасля вяртання ў Браслаў моладзь мела час на малітву, святую Імшу, адарацыю, канферэнцыі, а таксама наведала гару Маяк, гарадзішча ў Маскавічах, глядзела на жывёлаў у вальерах, а ў сераду разам вучыліся гатаваць стравы польскай кухні, якія затым са смакам спажывалі. 
 
Як адзначыў ксёндз Уладзімір, большасць з гэтых маладых людзей дапамагала ў правядзенні «Канікул з Богам» для дзяцей, таму для іх саміх захацелася ўжо крыху змяніць фармат і абстаноўку. Але, канечне, захавалася галоўная мэта такіх рэкалекцый: праз адпачынак ˗ да Бога. 
 
«”Канікулы з Богам” ˗ гэта час адпачынку і знаёмстваў, час еднасці з Богам», ˗ адзначыў святар.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч