Сёлета на ўрачыстасці ў Будслаў пешшу прыйшлі больш за 2 тысячы пілігрымаў. Сярод іх былі і 160 чалавек, якія крочылі разам з групай «Salvator». І хоць шлях для іх быў аднолькавым, перажыванне пілігрымкі ‒ у кожнага сваё, асабістае. Дзякуем вернікам, якія пагадзіліся падзяліцца з намі сваім досведам пілігрымавання.
 
Юлія Кароль (ішла з трыма малалетнімі дзецьмі)
 
Іду ў Будслаў, бо адчуваю патрэбу, мне неспокойна, калі  не атрымліваецца пайсці. Нясу ў сэрцы падзяку, малітвы, просьбы, пытанні, на якія самастойна не магу знайсці адказ. Веру: чым больш складаныя выпрабаванні мне даюцца, тым бліжэй я да Бога.
Пілігрымка напраўляе мой арыенцір каштоўнасцяў, які збіваецца за год, акунае ў атмасферу любові, узаемадапамогі, спачування. У душы адбываецца вялікая праца, змены, якія словамі складана выказаць. Дзеці падчас пілігрымкі бачаць прыклад супольнай малітвы, вучацца давяраць Богу, пераадольваць сябе, заўважаць патрэбы іншых. 
 
У пілігрымку хадзіла, калі не памыляюся, 8 разоў.
 
Аляксей Жылевіч
 
Схадзіўшы ў пілігрымку ў Будслаў аднойчы, складана спыніцца, бо кожная пілігрымка дае штосьці новае: адкрываюцца новыя гарызонты тваёй веры. На гэты раз я ішоў у Будслаў з малітвай удзячнасці за сваю сям’ю. Адна бабуля па дарозе папрасіла данесці ахвяраванне і памаліцца за яе і блізкіх. Магчыма, гэта таксама была мая задача ў гэтай пілігрымцы. 
 
Я вучуся давяраць Богу і старацца не планаваць самому, а ва ўсім давяраць Богу Айцу. Пілігрымка для мяне дае магчымасць пабыць дзіцяткам (як маючы ўласных дзяцей, магу дурэць з імі, так у пілігрымцы я адчуваю сябе дзіцяткам, які весяліцца з Небесным Айцом).
 
 
Сястра Інна Амельчанка SJE
 
Я іду ў Будслаў, таму што з гэтай пілігрымкі пачалося маё каталіцтва і маё пакліканне. У 2003 годзе, скончыўшы ўніверсітэт, мы з сяброўкамі вырушылі да Маці з Маладзечна. Пра каталіцтва я ведала тры рэчы: Папа Рымскі, інквізіцыя, крыжовыя паходы. І дзе знаходзіцца Чырвоны касцёл.
 
У жніўні гэтага года я ўжо была каталічкай. А праз год прыйшла да сясцёр эўхарыстак.
 
Пілігрымка — гэта як другое вымярэнне жыцця. Яна адлюстроўвае зямны шлях чалавека, як ідзём да Бога: з песнямі і мазалямі, дзякуючы і наракаючы, з вялікім жаданнем дайсці да канца ці павярнуць назад у палове дарогі. Ёсць магчымасць убачыць сваё стаўленне да жыцця, да Бога і да іншага чалавека. І, калі трэба, нешта паправіць.
 
 
Галіна Жук
У Будслаў іду 11 раз. Крочым разам з сынам. У савецкі час мой дзядуля хадзіў у Аглону, прыносіў нам адтуль асвечанай вады. Маліўся праз заступніцтва Божай Маці аб добрай долі для дзяцей і ўнукаў. Цяпер прыйшоў мой час. Прашу ў Маці Божай Будслаўскай, каб наш уласны голас і эгаізм не заглушалі Божы провід адносна нашага жыцця. Не перастаю дзякаваць Богу за сваю сям’ю, родных, блізкіх людзей, дабрадзеяў, якія сустракаюцца на маім шляху. Прашу аб добрай долі для сваіх дзяцей.
 
 
Інна Стэфановіч
Прачнуцца з адчуваннем таго, што ты шчаслівы ‒ самае цудоўнае пачуццё. Такія эмоцыі кожны дзень можна перажыць у пілігрымцы. Шэсць дзён прачынацца ў шасці розных месцах, і з кожным днём адчуваць, як шчасце перапаўняе цябе. Што такое шчасце? Тут усё проста.
 
Шчасце ‒ гэта:
Адчуваць сябе патрэбным і любімым;
Клапаціцца пра іншых і атрымліваць клопат узамен;
Адчуванне, калі хтосьці бярэ цябе за руку і дапамагае ісці;
Бачыць, як хтосьці пераадолеў боль і ідзе далей;
Бачыць слёзы, а праз секунду самую шчырую ўсмешку;
Гэта дапамога ў дробязях, калі хтосьці апранае табе каптур дажджавіка, каб ты не вымак;
Гэта ісці, нягледзячы на спякоту ці лівень;
Шчасце ‒ гэта быць пілігрымам групы «Salvator».
Дзякуй кожнаму са 160 чалавек за гэтыя 160 кіламетраў.
Дзякуй за прыклад веры і за духоўнае насычэнне.
Дзякуй Маці, якая зноў і зноў збірае нас!
 
Калі хтосьці яшчэ не адважыўся вырушыць у пілігрымку і адчуць «смак» пілігрымавання, то ўжо цяпер запрашаем ўсіх жадаючых у наступным годзе на юбілейную, трыццатую пілігрымку з Браслава ў Будслаў. 
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч, Адам Зюлкоўскі
 
ЯК ГЭТА БЫЛО: ФОТАРЭПАРТАЖ З 29-й ПІЛІГРЫМКІ БРАСЛАЎ-БУДСЛАЎ VOL. 1
 
ЯК ГЭТА БЫЛО: ФОТАРЭПАРТАЖ З 29-й ПІЛІГРЫМКІ БРАСЛАЎ-БУДСЛАЎ VOL. 2