Раніцай 30 чэрвеня распачалася пешая пілігрымка з Браслава ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. З нашай парафіі ў шлях адправіліся каля 80 пілігрымаў, сярод якіх некалькі дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
 
Пілігрымка распачалася святой Імшой, падчас якой ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд заклікаў пілігрымаў да глыбока перажывання часу пілігрымкі, каб яна прынесла багатыя духоўныя плёны.
 
«У сённяшнім Евангеллі Пан Езуса кажа, каб кожны, хто хоча за Ім ісці, не аглядаўся назад, а ішоў смела абвяшчаючы Евангелле, ‒ адзначыў пробашч у гаміліі. ‒ Пілігрымаванне было заўсёды ўпісана ў гісторыю хрысціянства. Ад самага пачатку вызнаўцы Хрыста пілігрымавалі ў святыя месцы, каб там сустракаць Бога і каб там атрымліваць асаблівыя дары. Заўсёды час пілігрымавання ‒ гэта час навяртання і спаткання з Богам. Гэта час, калі Бог асаблівам чынам дзейнічае ў жыцці чалавека. І так будзе ў вас, дарагія пілігрымы, калі толькі вы на пачатку свайго пілігрымавання запросіце Бога ў свой шлях, у сваё жыццё (…). Каб ваша пілігрымка, ваша ахвяра прынесла плён, яны павінны быць звязаны з Богам, з прысутнасцю жывога Бога сярод нас. Неабходна не проста ісці, а варта прыкласці намаганні, каб пілігрымаванне мела духоўныя плады». 
 
А для гэтага, па словах ксяндза Станілава, варта карыстацца з сакрамэнтаў Эўхарыстыі і споведзі. Пробашч заахвоціў пілігрымаў несці да ўсіх, каго сустрэнуць, пасланне дабры, любові і добразычлівасці. 
 
Жадаем вытрымкі пілігрымам, няхай іх малітвы будуць шчырымі, а шлях радасным і шчаслівым. Да сустрэчы ў Будславе! 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч