Калі вас штосьці цікавіць ці непакоіць у духоўным жыцці, заўсёды можна спытаць у святароў нашай парафіі. Пытанні можна дасылаць і на адрас рэдакцыі парафіяльнай газеты. Прапануем вам адказы, змешчаныя ў дзявятым нумары часопіса «Наша парафія».
 
Свае лісты з пытаннямі можна дасылаць на электронную пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо пакідаць у спецыяльнай скрыні для пытанняў у канцы касцёла. Можа таксама непасрэдна звяртацца да ксяндза Уладзіміра ці па тэлефоне +375 (29) 577 00 38.
 
1. Ці можна ў касцёле ахвяраваць святую Імшу за праваслаўнага?
Канешне можна.  Праваслаўныя ‒ гэта нашыя браты ў веры.
 
2. Чаму ў нашай святыні няма абраду заручынаў? 
Таму што заручыны ‒ гэта не сакрамэнт, і гэты абрад можа правесці кожны вернік. Адбываецца ён ў хаце нарачонага ці нарачонай, дзе закаханыя асобы паведамляюць родным і бацькам аб сваім намеры заключыць сакрамэнт сужэнства. Пасля благаслаўлення бацькоў нарачоныя надзяюць адзін аднаму заручальныя пярсцёнкі ў знак добрай падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства. 
 
3. Як Каталіцкі Касцёл адносіцца да крэміравання? 
Касцёл згаджаецца і дазваляе на крэмацыю памерлага. Пахаванне урны адбываецца ў такім самым парадку, як і пахаванне цела памерлага. Але неабходна памятаць, што урна з попелам павінна мець сваё месца захавання на могілках, а не быць разсыпанай над возерам ці захоўвацца ў кватэры ці іншым месцы.
 
4. Што знаходзілася ў Каўчэ́гу Запаве́ту? 
Каўчэг Адкрыцця (Сведчання) – гэта каўчэг, у якім захоўваліся каменныя Скрыжалі Запавету з Дзесяццю запаведзямі (Друг.10:2), а таксама, паводле Паслання да Яўрэяў, пасудзіна з маннай і кій Аарона. 
 
5. Што азначаюць літары на дзвярах хаты С+М+В?  
Па каталіцкай традыцыі надпіс C + M + B інтэрпрэтуюць як першыя літары лацінскай фразы «Christus mansionem benedicat», што азначае «Хай дабраславіць Хрыстос гэты дом». І трэба заўважыць, што знакі «+» — гэта не «плюсікі», а «крыжыкі» — гэта значыць, знакі блаславення.