Месяц май асаблівым чынам прысвечаны малітве да Маці Божай. Заахвочваем да ўдзелу ў набажэнствах, якія будуць праходзіць у нашым касцёле ад панядзелку да суботы ў 18.30. Падчас набажэнства спяваецца Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская).
 
Месяц май у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. Маёвыя набажэнствы маюць вельмі багатую гісторыю, якая пачынаецца яшчэ ў Егіпце. Ужо ў V стагоддзі хрысціяне (копты) збіраліся на працягу ўсяго месяца мая, каб спяваць песні ў гонар Марыі. Упершыню май быў названы месяцам Марыі ў 1549 г. у Германіі ў кнізе «Май духоўны». У 1814 г. Папа Пій VII выдаў булу, у якой адобрыў практыкаванне маёвых набажэнстваў. Папа заахвоціў праводзіць гэтую малітоўную практыку з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Афіцыйнае папскае адабрэнне маёвых набажэнстваў паспрыяла іх распаўсюджванню ў Касцёле. 
Паводле Catholic.by