19 сакавіка вернікі Каталіцкага Касцёла ўшаноўваюць святога Юзафа, абранніка Марыі. У гэты дзень падчас святой Імшы ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд разважаў над асобай святога Юзафа і над значэннем працы чалавека, каб у працы людзі таксама ўмелі праслаўляць Бога.
 
«Сёння мы адзначаем урачыстасць вялікага святога, які быў простым чалавекам. У  Новым Завеце няма ніводнага слова, якое б выходзіла з вуснаў святога Юзафа. І хоць (як мы добра ведаем) ён паходзіў з каралеўскага роду, быў простым чалавекам, быў адным з тых, хто сумленна працуе на хлеб і на вечнае шчасце. Таму Касцёл выбраў яго, як свайго апекуна. Не біскупа ці караля, ні шляхціча ці вучонага, але простага чалавека, працаўніка. Таму што менавіта з такіх людзей працы паходзіць большасць членаў Касцёла, і з іх ‒ большасць кандыдатаў на алтар святых у небе», ‒ распачаў гамілію ксёндз Станіслаў.
 
«Бог свтарыў нас годнымі таго, каб праз сваю працу мы супрацоўнічалі з Ім ва ўдасканаленні гэтага свету. Дзякуючы таму, што мы працуем у гэтым свеце, мы працягваем дзеянні Бога і заслугоўваем вечнасць, а таксама рэалізуем Божыя планы ў адносінах да кожнага з нас. Нават сам Божы Сын працаваў, каб асвяціць і паказаць вартасць чалавечай працы», ‒ працягваў пробашч.
 
«Добравядомы святы і Айцец Касцёла абат Бэнэдыкт казаў: «Маліся і працуй». На самой справе гэтыя два словы вызначаюць парадак жыцця ўсіх людзей. Менавіта праз працу і малітву мы можам служыць Богу. Але ў сённяшнім свеце многія хрысціяне не могуць аб’яднаць працу і малітву, каб быць і добрым працаўніком, і добрым хрысціянінам. Часам кажам, што праз працу не маем часу на малітву. Але гэта не праўда. Бо можам знайсці штодня пару хвілін, якія б былі прысвечаны толькі малітве. Памятайце, што бязвер’е і адыход ад Бога пачынаюцца з таго, што перастаём маліцца, не маем часу на штодзённую размову з Богам. А праз гэта адмаўляемся ад Божых ласк і Божай дапамогі. І так можам стаць нявольнікамі працы. А кожны наш дзень, кожную працу мы павінны перажываць з Богам. І так усё наша жыццё стане трывалай, нястомнай малітвай. А гэта магчыма», ‒ адзначыў ксёндз Станіслаў . 
 
«Таму штодня паўтарай як святы Бэнэдыкт: “маліся і працуй”. Але няхай праца не будзе тваім Богам ці пеклам, але дарогай да Бога. Няхай святы Юзаф, якога сёння ўзгадваем, будзе ў гэтым нам прыкладам: каб кожную справу мы ўмелі перажываць з Богам, і каб заўсёды мелі час на сустрэчу з Богам», ‒ заахвоціў святар.  
 
Падрыхтавала
Святлана Жылевіч